Сяброў кнiгi стала больш
Пасвячэннем у чытачы распачалі Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі ў Воранаве.
Цікаўных і актыўных вучняў першых і другіх класаў мясцовай школы 26 сакавіка вітала Воранаўская дзіцячая бібліятэка. Некаторыя з іх — даўнія сябры скарбніцы ведаў. А для Анжалікі Саніковіч, Аляксея Русака, Данііла Грабліса, Валерыі Валюкевіч, Алісы Рыжковай, Арцёма Козара, Карыны Трунц, Ксеніі Бухоўскай, Марыі Саргісян тут усё было ў навіну. Ды і адных, і другіх вабілі рознакаляровыя стэлажы з кнігамі на любы густ.
Да дзетак прыйшла Каралева Кніга, каб нагадаць аб правілах паводзін у бібліятэцы, а таксама карыстання яе “падданымі”. Каб уступіць у чытацкае кола, патрэбна быць кемлівымі і знаходлівымі. Хутка Каралева пераканалася ў тым, што ўсе дзеці менавіта такія. Яны ведалі шмат казак і іх герояў, былі вельмі артыстычнымі. Таму з задавальненнем яна прыняла ў школьнікаў клятву юных чытачоў.
Прыемным сюрпрызам для маленства стала сустрэча з раставымі лялькамі — Шрэкам і Катом. Шчаслівы дзіцячы смех напоўніў бібліятэку. Як хораша, калі любімыя героі “ажываюць”, разам з табою чытаюць і крочаць па краіне казак!
Марына КАНДРАТОВІЧ.
Фота аўтара.