Усе разам – навядзём парадак!
27.03.2018
—
Разное
У прайшоўшыя выхадныя, 24 сакавіка, прайшлі надзвычай актыўныя суботнікі на могілках вёсак Харошча, Була і Грыўда.
Старшыня Мілейкаўскага сельвыканкама Наталля Хоміч казала, што выкананы велізарны аб’ём работ як на могілках, так і вакол іх. Работы доўжыліся з 10 гадзін раніцы да 16.00. За гэты час выразана і ссечана кустоўе, якое “лезла” ў загарадзі, што магіл за імі не было ўжо відаць. Смецце было вынесена на бяспечныя пляцоўкі і пад наглядам спалена. У суботніку прымалі ўдзел не толькі мясцовыя жыхары, а і прыехала з гарадоў актыўная моладзь, сваякі.
Старшыня сельвыканкама шчыра дзякавала, што людзі адгукнуліся, не засталіся раўнадушнымі і прыехалі цэлымі сем’ямі і шчыравалі ад душы. Многія былі са сваімі бензапіламі, кустарэзамі. Работа кіпела, як ніколі, у Харошчы, у Буле, у Грыўдзе, многа мужчын было на суботніку. “Проста душа радавалася, што і наша моладзь такая свядомая. Я вельмі задаволена зробленым і дзякую ўсім, хто прыехаў і прыйшоў папрацаваць на могілках, прачытаўшы аб’яву ў раёнцы”, – казала Наталля Аляксееўна.
У наступныя выхадныя такі суботнік пройдзе на могілках у маланаселеных вёсках – Бусяжы і Жамайдзяках.
Валянціна БОБРЫК.
Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.