Ліза з характарам
Яе, шэры прыгожы камячок, мне падарыла сяброўка. І вось Ліза, кошка пароды англійская віславухая, жыве ў нас ужо чатыры гады. Аблюбавала сабе спальню і там адчувала сябе гаспадыняй. Але два гады назад да нас пераехаў жыць 15-гадовы сын мужа ад першага шлюбу і пакой спатрэбіўся яму. Ліза не змагла дараваць “захопу” яе тэрыторыі і стала помсціць — “меціць” яго абутак. Яны так і не пасябравалі. А пакой усё-такі ўступіла. Цяпер яе месца — на кухні, на крэсле каля батарэі. Любіць залазіць у тазікі, пакеты, карзіны і падрамаць там. Вельмі пераборлівая ў ежы, а піць прызвычаілася з акварыума, але рыбак не ловіць.
Наша Лізавета — з характарам: не будзе сядзець на руках, лашчыцца, мурлыкаць. Затое якая яна самаадданая мама! Як корміць, вымывае, аберагае сваіх дзетак! Калі хто цікавіўся малымі, адразу хавала іх за секцыю, тэлевізар, ацяпляльны кацёл. Кацяняты падрасталі, і мы іх раздавалі, а Ліза вельмі сумавала.
Сябруе з нашым сабачкам Кнопай — сваёй поўнай процілегласцю. Кнопа ласкавая, дружалюбная. Вельмі любіць цукеркі і “тусіць” з намі.
Таццяна ВЫСОЦКАЯ, г. Паставы