Супердама
Самую абаяльную, модную, творчую, таленавітую, артыстычную — карацей, самую-самую выбіралі нядаўна ў Пастаўскім аддзяленні дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва падчас конкурсу “Супердама аддзялення”.
Канкурсанткі — актыўныя наведвальніцы аддзялення Людміла Аляксандраўна Нусіна, Ганна Сяргееўна Гуц, Лідзія Генадзьеўна Валодзька і Таццяна Паўлаўна Фёдарава. У першым заданні пад назвай “Візітная картачка” яны ў вершах і прозе расказвалі пра сябе, свае сем’і, захапленні. Кожная старалася пакарыць журы і гледачоў сваёй адметнай гісторыяй. І гэта ўдалося.
Наступны этап — “Кулінарных спраў майстры”. Кожная з жанчын прыгатавала сваю любімую страву. Людміла Аляксандраўна — фірменны пірог, Ганна Сяргееўна — заліўную рыбу, Лідзія Генадзьеўна — салату, аформленую ў выглядзе сланечніка, Таццяна Паўлаўна — фаршыраваныя яйкі-“грыбочкі”. У ролі дэгустатараў
выступіла не толькі журы ў складзе загадчыка аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН Генадзія Каравацкага, таленавітага спевака, музыканта і проста абаяльнага мужчыны Юрыя Вайцяхоўскага, загадчыцы аддзялення Веры Бузанавай і кіраўніка гуртка аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання інвалідаў Валерыі Кірэй, але і прысутныя. Ацэньвалі смак стравы, яе аздабленне і арыгінальнасць. Без сумнення, усе канкурсанткі — выдатныя гаспадыні і кулінары.
“На ўсе рукі майстрыхі” — менавіта так называлася трэцяе выпрабаванне. Прыгожыя і арыгінальныя рэчы, звязаныя сваімі рукамі, паказалі Л. А. Нусіна і Г. С. Гуц, суправадзілі цікавымі, з гумарам расказамі. Л. Г. Валодзька выйшла да гледачоў з гантэлямі і з лёгкасцю прадэманстравала, якая яна спартыўная. Грацыяй і асаблівым шармам пакарыла гледачоў Т. П. Фёдарава, выканаўшы запальны танец.
Падчас этапа “Творчая натура” зала аддзялення ператварылася ў сапраўдную фабрыку зорак, на якой гледачы ўбачылі папулярных эстрадных артыстак. Людміла Аляксандраўна Нусіна пераўвасобілася ў Лайму Вайкуле, Таццяна Паўлаўна Фёдарава праспявала песню Надзеі Кадышавай, Ганна Сяргееўна Гуц праз верш на беларускай мове пастаралася перадаць любоў да малой радзімы, пераканала, што восень жыцця можа быць радаснай і цёплай. А манеру паводзін расійскай спявачкі Машы Распуцінай на сцэне праз тэатралізаваны музычны нумар дакладна перадала Лідзія Генадзьеўна Валодзька.
На апошнім этапе — “Дэфіле” — канкурсанткі пераўвасобіліся ў яркіх, непараўнаных мадэляў і прадэманстравалі сучасныя модныя тэндэнцыі ў адзенні для людзей залатога ўзросту. Сукенкі і касцюмы былі прадастаўлены магазінам “Брэст-мода”. Яго прадстаўнік Жанна Станіславаўна Гаўрылава расказала пра стылі і актуальныя кірункі ў модзе, а таксама пра тое, як з дапамогай адзення стаць неардынарнай асобай. Выказалі свае ўражанні і самі ўдзельніцы. А некаторым з іх рэчы, якія дэманстраваліся, так прыйшліся даспадобы, што пажадалі іх купіць.
Найскладаней было членам журы. Яны раіліся, спрачаліся і ўрэшце прызналі: самай творчай — Т. П. Фёдараву, на ўсе рукі майстрыхай — Г. С. Гуц, “моднай штучкай” — Л. А. Нусіну. А супердамай аддзялення стала Л. Г. Валодзька.
Прысутныя атрымалі мноства пазітыву не толькі ад конкурсу, але і ад песень у выкананні Юрыя Вайцяхоўскага, Сяргея Зелянкевіча, Валерыі Кірэй. Немалы ўклад у стварэнне святочнай атмасферы ўнесла вядучая Алеся Гур’ева. А ўдзельніцы ў чарговы раз даказалі, што, выйшаўшы на пенсію, можна не абмяжоўвацца экранам тэлевізара, а быць актыўнымі, крэатыўнымі, цікава, з карысцю і добрым настроем праводзіць час.
— Калі пакінула работу, трывожылася, ці не засяджуся дома, — гаварыла Людміла Аляксандраўна Нусіна. — І якраз адкрылася аддзяленне для грамадзян пажылога ўзросту. Гэта такая аддушына! Тут прапануюць розныя заняткі па інтарэсах і запрашаюць да ўдзелу ў мерапрыемствах. Вялікае дзякуй работнікам аддзялення, кіраўніцтву ТЦСАН за клопат пра тых, за плячыма каго дзясяткі гадоў працоўнага стажу, за паўнавартасны адпачынак.
Тэкст і фота Анны АНІШКЕВІЧ
Больше фото в наших группах с соцсетях: