Што аб’ядноўвае членаў маладзёжнай арганізацыі?
У рамках рэалізацыі праекта “Маладзёжны білет – твая сацыяльная падтрымка!” адбылася сустрэча членаў маладзёжнай інфармацыйнай групы з юнакамі і дзяўчатамі, якія нядаўна папоўнілі шэрагі буйнейшай маладзёжнай арганізацыі краіны — БРСМ.
Першы сакратар РК БРСМ Дар’я Сакалоўская расказала моладзі аб апошніх навінах БРСМ, у прыватнасці, праекце “Маладзёжны білет – твая сацыяльная падтрымка!”, партнёрам якога стала беларуская кампанія “Autohelp”. Выступоўца таксама прадэманстравала, як выглядае новы варыянт членскага білета, які ў бліжэйшым будучым будуць атрымліваць члены маладзёжнай арганізацыі.
Старшыня раённага аб’яд-нання прафсаюзаў Ю. В. Парфёнава, якая ў свой час узначальвала РК БРСМ, расказала аб тым, якія ільготы даступныя членам БРСМ: зніжкі ў радзе крам, на друк фотаздымкаў, рэкамендацыі пры паступленні ў навучальныя ўстановы і іншыя.
— Гэтымі прыемнымі бонусамі ёсць магчымасць скарыстацца і сёння, адзначыла яна. – А яшчэ быць членам БРСМ – гэта і шмат сустрэч, новых сяброў і магчымасцяў.
Падчас сустрэчы размова ішла аб ролі моладзі ў сучасным грамадстве.
— Заўсёды памятайце, што вы, маладое пакаленне, — самае галоўнае багацце і для сваіх бацькоў, і для сваёй малой радзімы, і для нашай Беларусі, — падкрэсліла галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н. Г. Кісялевіч.
— Быць прыналежным да гэтай арганізацыі — гонар для вас, — адзначыла старшыня раённага Савета дэпутатаў І. Ф. Козел. – І членскі значок лепш за ўсялякія словы раскажа гэта.
Сёння РК БРСМ налічвае ў сваіх радах 896 членаў. І, безумоўна, іх колькасць будзе з часам толькі павялічвацца.
Анна ЗІМАЦКАЯ.
Фота Валерыя САЛАЎЁВА.