Дзе, што і калі ведаюць у Отары
Інтэлектуальная гульня «Што? Дзе? Калі» адбылася ў мінулую суботу на базе раённай цэнтральнай бібліятэкі.
Жадаючых паспытаць сябе ў конкурсе на галаватасць, веды і кемлівасць запрасілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённы камітэт БРСМ. Адгукнуліся на інтрыгуючую прапанову восем каманд. Тры туры па 12 рознапланавых пытанняў аказаліся неблагой зарадкай для мозгу. У выніку дыпломам за трэцяе месца ўзнагароджана СШ №2, следам за імі падняліся на другі прыступак гульцы ААТ «Звязда», а абсалютнае першанства і пераходны кубак павезлі дадому пераможцы сустрэчы – каманда Отарскай базавай школы. У дадатак усе лідары атрымалі салодкія пачастункі. Гумар, жарт і добры настрой садзейнічалі таму, што раённы турнір прайшоў цікава, хутка і весела.
Сяргей ПРАНКЕВІЧ.