Беларусь турыстычная: музей бітвы за Днепр, г.п. Лоеў, Гомельская вобласць

Источник материала:  
26.03.2018 — Разное

Беларусь турыстычная: музей бітвы за Днепр, г.п. Лоеў, Гомельская вобласць
Расказвае Любоў Коўзік:

– 10 сакавіка вучні нашай Судкоўскай школы, а менавіта актывісты БРСМ і БРПА, а таксама групы «Следапыты» наведалі музей бітвы за Днепр у Лоеве. Дабіраліся мы туды аўтобусам, які выдзеліў аддзел адукацыі, спорту і турызму райвыканкама.

Беларусь турыстычная: музей бітвы за Днепр, г.п. Лоеў, Гомельская вобласць
Гарадскі пасёлак Лоеў назаўсёды ўвайшоў у ваенную гісторыю нашай краіны як месца фарсіравання савецкімі войскамі ракі Днепр у 1943 годзе. Перамога ў той бітве лічыцца пачаткам вызвалення Беларусі ад фашысцкіх акупантаў. Гэтай падзеі і прысвечаны мемарыяльны комплекс «Героям бітвы за Днепр». Ён лічыцца адным з турыстычных аб’ектаў маршрута «Залатое кальцо Гомельшчыны».
Комплекс размешчаны на цэнтральнай плошчы і ўключае ў сябе музей, выставу ваеннай тэхнікі, Стэлу Перамогі (паменшаную копію знакамітага мемарыяла на плошчы Перамогі ў Мінску) і алею Герояў, на плітах якой значацца імёны 365 Герояў Савецкага Саюза – вызваліцеляў Лоеўшчыны.

Беларусь турыстычная: музей бітвы за Днепр, г.п. Лоеў, Гомельская вобласць
У 2015 годзе, у межах падрыхтоўкі да святкавання 70-годдзя Вялікай Перамогі, мемарыяльны комплекс быў рэканструяваны і абноўлены. На сем метраў павялічылі вышыню стэлы (цяпер яна складае 22 метры), абліцавалі яе гранітам і ўсталявалі бронзавыя рэльефы замест бетонных. Ваенны музей пад адкрытым небам папоўніўся 12 прыладамі і баявымі машынамі, прадастаўленымі Міністэрствам абароны Рэспублікі Беларусь.
Гісторыкі сцвярджаюць, што бітва за Днепр у Лоеве восенню 1943 года стала першым пунктам на шляху паспяховага ажыццяўлення наступальнай аперацыі «Баграціён» пад кіраўніцтвам маршала Ракасоўскага. У той барацьбе загінулі 10235 савецкіх воінаў.

Беларусь турыстычная: музей бітвы за Днепр, г.п. Лоеў, Гомельская вобласць
На адкрытай пляцоўцы вучні ўбачылі і змаглі дакрануцца да ўзораў баявой тэхнікі – гармат, гаўбіц, танкаў, самаходных установак, «Кацюш». Дзеці былі вельмі захоплены.
Рух па плошчы прадуманы і добра «зрэжысіраваны» ландшафтна-архітэктурнымі прыёмамі. Галоўная кампазіцыйная вось, ідучы за ўздымальным рэльефам да Дома культуры, звязвае ў адзіны ансамбль увесь комплекс.

Беларусь турыстычная: музей бітвы за Днепр, г.п. Лоеў, Гомельская вобласць
Музейны фонд складае больш за 4000 экспанатаў. Экспазіцыя музея прысвечана падзеям фарсіравання Дняпра на Гомельшчыне войскамі Цэнтральнага фронту пад камандаваннем К.К. Ракасоўскага, баявым дзеянням 61-й і 65-й армій на лоеўскім плацдарме і вызваленню раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, а таксама змяшчае матэрыялы аб партызанскім руху на Лоеўшчыне і аб земляках – удзельніках Вялікай Айчыннай вайны.

Беларусь турыстычная: музей бітвы за Днепр, г.п. Лоеў, Гомельская вобласць
Вялікую цікавасць у нас выклікалі падручныя сродкі пераправы першых дэсантных атрадаў, воінская амуніцыя, калекцыя зброі, баявыя ўзнагароды, франтавыя пісьмы і паштоўкі, фотаздымкі, асабістыя рэчы і дакументы ўдзельнікаў фарсіравання Дняпра, партызанскі дзённік баявых дзеянняў, газета, лістоўкі і інш.
Гэта месца дае цудоўную магчымасць дакрануцца да нашага гераічнага мінулага. Раю там пабываць усім – карысна як для дзяцей, так і для дарослых. Адчуваеш вельмі трапяткія пачуцці. Гэта рэквіем героям і ода жыццю…

Запісала Наталля ЧЭКАН.

Фота прадастаўлена Судкоўскай СШ і ўзята з Інтэрнэта.

←Выбирая способ "весенней уборки", остановитесь на самом безопасном, а не на самом простом

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика