Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Атрошчанка: “Садзейнічаць занятасці людзей – галоўны клопат мясцовай улады»
У сераду дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Пётр Атрошчанка і старшыня раённага Савета дэпутатаў Мікалай Лойка правялі ў Чэрвені прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію. Праблемы, з якімі звярнуліся да іх жыхары раёна, тычыліся жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дарожнага будаўніцтва, жылля.
У гутарцы з карэспандэнтам “Раённага весніка” Пётр Атрошчанка распавёў аб працы парламента. У прыватнасці, ён адзначыў, што летась дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разгледзелі 115 законапраектаў, прынялі да ведама 5 Дэкрэтаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, ратыфікавалі 47 міжнародных пагадненняў.
Як падкрэсліў Пётр Атрошчанка, асноўныя намаганні дэпутацкага корпусу засяроджаны на прававым забеспячэнні стратэгіі сацыяльна-эканамічнага развіцця, умацаванні суверэнітэту, пазіцый дзяржавы на міжнароднай арэне і стварэнні надзейных умоў для паляпшэння дабрабыту жыхароў краіны. На веснавой сесіі парламента, якая пачнецца 2 красавіка, плануецца разгледзець больш за 40 законапраектаў. Сярод іх – другое чытанне праекту Банкаўскага кодэксу, законапраект “Аб унясенні дапаўненняў і змяненняў у Закон Рэспублікі Беларусь “Аб інвестыцыях”. На парадку дня сесіі – некалькі пазіцый Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы, якія тычацца абароны і аховы дзяржаўных сакрэтаў.
Таксама падчас гутаркі была закранута тэма Дэкрэта №1”Аб садзейнічанні занятасці”, які 28 студзеня 2018 года прадпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Паводле слоў Пятра Аляксеевіча, у гэтым дакуменце закладзены прынцып індывідуальнага падыходу да кожнага канкрэтнага чалавека, яго сям’і, жыццёвых абставін. Ён падкрэсліў, што ключавая роля ў рэалізацыі дэкрэта адводзіцца мясцовым уладам.
– Іх галоўная задача ў тым, каб садзейнічаць занятасці людзей, матываваць іх да працы. Бо, як неаднойчы падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы, “з аднаго боку, трэба даць людзям магчымасць працаваць, з другога боку, прымусіць працаваць тых, хто сёння можа, але не хоча”, – сказаў Пётр Атрошчанка.
Фота Ігара АДАМОВІЧА