Не зачыняйце свае душы

Источник материала:  
26.03.2018 — Разное

Не зачыняйце свае душы
Сёлета 29 кастрычніка з дня нараджэння Усесаюзнага ленінскага камуністычнага саюза моладзі споўніцца 100 гадоў. Дата салідная. Але яна сімвалізуе свята маладосці, аб’ядноўвае як ветэранаў камсамолу, так і юную змену.

Хайнічанка Вера Лявонцьеўна Касабуцкая, якую многія ведаюць як былога дырэктара гарадской СШ № 2, некалі, так бы мовіць, была адным з важакоў камсамольскага руху ў раёне. У інтэрв'ю яна падзялілася самымі яркімі ўспамінамі сваёй камсамольскай маладосці.

–  Пры слове «камсамол» якія ў Вас узнікаюць уражанні?

– Пачыналася ўсё ў канцы 60-х, калі я працавала настаўніцай біялогіі ў Навасёлкаўскай васьмігадовай школе. У той час мяне выбралі сакратаром камсамольскай ячэйкі Навасёлкаўскага аддзялення калгаса імя XXI з’езда КПСС. У 1968 годзе выклікалі ў райкам камсамола і прапанавалі ўзнача- ліць аддзел школ і вучнёўскай моладзі Хойніцкага райкама камсамола, а яшчэ праз некаторы час моладзь раёна абрала мяне другім сакратаром райкама камсамола.

Калі чую слова «камсамол» – маладзею. Сур’ёзна.

Яшчэ адна з самых запамінальных старонак майго жыцця – удзел у XXVIII з'ездзе КПСС у 1990 годзе, які праходзіў у Крамлі. Там я ў ліку іншых прадстаўляла абласную партыйную арганізацыю. У рабоце з’езда прынялі ўдзел 4683 дэлегаты. Я выступіла з вялікай прамовай, адстойвала каштоўнасці марксісцка-ленінскай ідэалогіі сацыялізму. Гэта быў памятны дзень.

Не зачыняйце свае душы– Вера Лявонцьеўна, за што Вы ўдзячны камсамолу?

– Камсамол – гэта пэўная ступень, важная вяха ў жыцці кожнага савецкага чалавека.

Для мяне ён стаў першай школай умення працаваць з людзьмі, даў пуцёўку ў жыццё. І гэта не проста словы. Велізарны плюс у тым, што з малых гадоў у нас тады вельмі актыўна выхоўвалі любоў да Бацькаўшчыны, прывучалі да калектывізму. Я і да гэтага часу не адступіла ад тых жыццёвых нормаў.

– Вы потым і самі так працавалі?

– У сваёй рабоце асноўны ўпор мы рабілі на патрыятычнае выхаванне моладзі і школьнікаў. Памятаю, якой папулярнасцю карысталася сярод падлеткаў ваенна-спартыўная гульня «Зарніца». У час яе правядзення рабяты жылі на прыродзе (каля былога Хойніцкага кансервавага завода) ў паходных армейскіх палатках, вывучалі вайсковую справу, самі гатавалі сабе ежу на палявых кухнях, спаборнічалі ў рухомых гульнях і відах спорту.

Незабыўнымі застаюцца і факельныя шэсці, прысвечаныя дню нараджэння У.І. Леніна, гадавінам Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У іх правядзенні прымала ўдзел каля 1000 чалавек, а ў вячэрні час паназіраць за гэтай калонай рухаючыхся факелаў выходзілі і старыя, і малыя. Маршрут шэсця традыцыйна пралягаў праз увесь горад – ад СШ № 3 да плошчы Леніна. І, канешне ж, камсамольцы не маглі застацца ў баку ад працоўнага саперніцтва на палях і фермах, у цэхах і на будоўлях.

Самае галоўнае – вялікая любоў была паміж людзьмі. Мы былі як адна сям'я, ніякага разладу. Калі трэба было нейкае заданне выконваць – ішлі ўсе з жаданнем. Цяпер гэтага няма. Гэта і ёсць праблема. А камсамол аб'ядноўваў.

– А як камсамольцы адпачывалі?

– Разам з работнікамі культуры рэгулярна праводзілі вечары адпачынку і штотыднёвыя «камсамольскія чацвяргі» – танцавальныя вечары ў гарадскім парку і РДК з арыгінальнымі забаўляльнымі конкурсамі. Ад жадаючых паўдзельнічаць не было адбою. І што адметна, на гэтых вечарах не было падвыпіўшых юнакоў, не кажучы ўжо аб дзяўчатах. З’яўленне нецвярозым у грамадскім месцы лічылася ўчынкам, які абражае чалавека. 

– Вы і да гэтага часу падтрымліваеце зносіны з сябрамі сваёй камсамольскай маладосці?

– Канешне. Для камсамольскіх работнікаў падыходзіць як нельга лепш слова «братэрства». Мы і цяпер усе блізкія, прычым не толькі па чырвоных датах календара, але і ў паўсядзённым жыцці: сустракаемся, звонім адзін аднаму. Часцей за іншых з Браніславай Антонаўнай Ляшчынскай і Аленай Паўлаўнай Кукс.


Не зачыняйце свае душы
– Камсамольскі білет захоўваеце?

– Захоўваю. Беражліва захоўваю. Таму што гэта мая гісторыя, і мне за яе не сорамна.

– Вера Лявонцьеўна, Вы як ветэран камсамола, што б хацелі пажадаць рабятам, актывістам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі?

– Я, назіраючы за цяперашняй моладдзю, хачу адзначыць, што яна па-свойму цікавая, але яна страціла духоўнасць. Яе інтарэсы сталі групавацца вакол нейкага вузкага кола матэрыяльнага дабрабыту. Сама ідэя ў вачах патухла. Маё пажаданне моладзі: не зачыняйце свае душы, каб можна было ўдыхнуць у іх нешта вельмі добрае. І яшчэ хачу пажадаць паменш меркантыльнасці, таму што не ўсё ў жыцці мераецца рублём.

 

Алена СМУСЯНОК.

←В рамках комплексной проверки белорусской армии проходит призыв военнообязанных из запаса

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика