Кажушкаўскія вірэнікі – не калдуны, але ж і не сырнікі

Источник материала:  
26.03.2018 — Разное

Кажушкаўскія вірэнікі – не калдуны, але ж і не сырнікі
Беларуская кухня – сапраўдная скарбніца смачных і самабытных рэцэптаў. Ёсць яны і на Хойнікшчыне. У межах Года малой радзімы мы пацікавіліся сакрэтамі прыгатавання прысмакаў.

Жыхарка Хойнік Лідзія Іванаўна Арэшчанка валодае даўнім рэцэптам кажушкаўскіх вірэнікаў – беларускай стравы з бульбы і тварагу. Іх гатавала яшчэ бабуля нашай гераіні, якая родам з вёскі Кажушкі. На жаль, гэты населены пункт застаўся толькі на карце, бо ўсе яго жыхары выселены з-за катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Калі ўпершыню пачула назву стравы, адразу ж уявіла традыцыйныя ўкраінскія канверцікі з цеста з начынкай – варэнікі. Але на талерцы пабачыла нашы звычайныя калдуны. Хаця замест фаршу ў вірэнікі кладуць тварог. На маё пытанне «Чаму бульбяныя аладкі так называюцца?» Лідзія Іванаўна адказала: «Можа з-за таго, што іх перад прыгатаваннем у руках віраваць, круціць з адной далоні на другую трэба. Адсюль і вірэнікі».

Кажушкаўскія вірэнікі – не калдуны, але ж і не сырнікі

Для прыгатавання кажушкаўскіх вірэнікаў спатрэбіцца 6-8 сярэдніх бульбін, 1 цыбуліна, 2 сталовыя лыжкі мукі, 150 г тварагу, 2 яйкі і соль па смаку. Бульбу трэба нацерці, як кажа Лідзія Іванаўна, на дробнай тарцы, дадаць туды змельчаную цыбулю – каб бульба не пацямнела, а затым убіць адно яйка, усыпаць прасеяную муку (на гэтым Лідзія Іванаўна зрабіла акцэнт), змяшаць усё. Тварог і другое яйка змяшаць асобна, каб ляпіць вірэнікі непасрэдна перад тым, як пакласці на разагрэтую з маслам патэльню.

Дарэчы, для сваёй стравы гаспадыня выкарыстоўвае прадукты хатняй гаспадаркі. Курэй на прыватным участку заўсёды трымалі, цыбулю і бульбу вырошчваюць таксама на ўласным агародзе. Толькі тварог пакупны.

«Раней у Кажушках сваю карову трымалі, малако ад яе добрае было, тлустае. Што толькі з таго малака ні рабілі: смятану, тварог, сыр. Усяго хапала. Нават нельга было ўявіць, што калі-небудзь за грошы набываць малако буду», – кажа мая суразмоўца.

Пакуль націралі бульбу і змешвалі інгрэдыенты, я распытала жанчыну пра кулінарныя традыцыі яе сям’і і ўвогуле малой радзімы. Бацькі, Алена Рыгораўна і Іван Апанасавіч Пінчукі, трымалі вялікую гаспадарку: кароў, свіней, хатніх птушак усіх відаў. А гародніны колькі саджалі! Адной бульбы цэлы гектар.
Стравы матуля Алена Рыгораўна гатавала нескладаныя, але сытныя. У нядзелю абавязкова салодкую прасяную кашу на малацэ і бураковы боршч. У звычайныя дні бульбу пеклі ў чыгуне ды шкваркі смажылі, часта і гэтыя самыя вірэнікі гатавалі.

Дарэчы, традыцыйныя беларускія калдуны ў Кажушках не прызнавалі. Ды і іншыя стравы з мясным фаршам раней не былі такімі папулярнымі, як сёння. Гэта і зразумела: раней на вёсцы мясарубкамі амаль не карысталіся. Прасцей было нарэзаць мяса на кавалачкі і смажыць з салам. Ды і ў сям’і Лідзіі Іванаўны дранікі з мясам не ў пашане. Дарослыя сыны, а іх у жанчыны чацвёра, калі прыязджаюць да матулі, хутчэй папросяць вірэнікі прыгатаваць. Бо, як і ва ўраджэнкі Кажушак, іх смак нагадвае такое шчаслівае і бесклапотнае дзяцінства.

Калі зайшла гаворка пра традыцыйныя беларускія рэцэпты, жанчына падкрэсліла, што не толькі бульба ў беларусаў звычайная штодзённая страва, а яшчэ і рыба. Яна ўспомніла, як пайшла замуж і пераехала да мужа ў Хвашчоўку. Гэтыя мясціны славіліся сваёй рыбай, бо і сам населены пункт знаходзіўся каля возера Гнёзднае, ды і вакол некалькі маленькіх прудкоў было. Таму на стале ў хвашчоўцаў звычайна была рыба – сушаная, печаная, вэнджаная...

У лёгкіх руках Лідзіі Іванаўны тым часам справа кіпіць. Як хутка жанчына круціць у руках сыры вірэнік, кладзе туды лыжачку тварагу і хутка-хутка варочае ў далонях. Раз – на гарачай патэльні шкварчаць шэсць беленькіх вірэнічкаў, спрытна пераварочвае гаспадыня румяныя бульбяныя аладкі. Некалькі хвілін – і на талерцы дыміцца смачным парам горка добра падпечаных кажушкаўскіх вірэнікаў. Карамельнага колеру, яны цвёрдыя, хрусткія звонку і пухнатыя, мяккія ўнутры. Ужываюць страву са смятанай, а запіваюць звычайна малаком. Смаката!

Алеся ЯЧЫЧЭНКА.
Фота аўтара.

←В рамках комплексной проверки белорусской армии проходит призыв военнообязанных из запаса

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика