Трывога рэальная і ўводная

Источник материала:  
25.03.2018 — Разное

Выратавальнікі раёна сумесна з дарожнымі, камунальнымі і іншымі прадпрыемствамі адпрацоўвалі на мінулым тыдні сцэнарыі небяспечных сітуацый. І зрабілі гэта, паводле абласнога ўпраўлення МНС, са станоўчай ацэнкай.

На тэрыторыі раёна прайшлі абласныя камандна-штабныя вучэнні, падчас якіх было прадугледжана 12 уводных. Палова з іх насіла практычны характар і, больш таго, была максімальна набліжана да рэальнай абстаноўкі, якая склалася ў сувязі з паводкай. Вялікую ваду прынеслі рэкі Жацераўка і Нёман. Нёман выйшаў на пойму, утварыўшы суцэльную водную гладзь. Узровень вады ў рацэ перасягнуў крытычны ўзровень (230 см), але апошнімі днямі ўпаў і складае 226 см. Падтоплены, паводле апошніх даных, 36 падворкаў у Новым Свержані і Стоўбцах. Абстаноўка стабілізавалася. Выратавальнікамі выстаўлены чатыры пасты – на вуліцы Мінскай, завулках Стаўбцоўскім і Румовым у Новым Свержані, вуліцы М. Горкага ў Стоўбцах, якія нясуць кругласутачнае дзяжурства. Ажыццяўляецца маніторынг. З насельніцтвам праведзена інфармацыйная работа. І хоць адпрацаваны падчас вучэнняў варыянты магчымай эвакуацыі, людзі спадзяюцца, што вада з надыходам плюсавых тэмператур не прыйдзе ў іх дамы і іх не трэба будзе пакідаць.

Вучэнні пачаліся са збору камісіі па надзвычайных сітуацыях пры райвыканкаме. Яе пасяджэнне адкрылі намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака, начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын. Работа камісіі працягнулася ў актавай зале фізкультурна-аздараўленчага комплексу, дзе быў паказаны відэафільм аб ролі грамадзянскай абароны ў жыцці сучаснага грамадства. Перад пачаткам вучэнняў была акцэнтавана ўвага на захаванні тэхнікі бяспекі пры правядзенні работ з электрычнасцю, выкарыстанні цяжкай тэхнікі і т. п.

– Пра пытанні бяспекі неабходна помніць кожны дзень, – нагадаў галоўны спецыяліст абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Яшчанка і патлумачыў: – Уводныя будуць паступаць па парадку, адна за другой, накшталт таго, як гэта бывае ў жыцці. Зараней «гнаць» тэхніку не трэба, – папярэдзіў ён. – Важна аператыўна рэагаваць, задзейнічаць сістэму апавяшчэння.

Непасрэдна на пасяджэнні раённай камісіі адбылося ўручэнне першай уводнай – аб падтапленні склада мінеральных угнаенняў па адрасе: г. Стоўбцы, вуліца Падлесная, 1, – дырэктару ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» Сяргею Мельніку. У сваю чаргу ён перадаў паведамленне аб тым, што стварылася пагроза ўзнікнення надзвычайнай сітуацыі, у тым ліку і экалагічнага характару, у цэнтр аператыўнага кіравання райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Механізм рэагавання, які ў першую чаргу ўключаў задачу па вывазе грузу на рэзервовы склад, «закруціўся». У яго аператыўна была ўключана міліцыя, санітарная служба, таму што недалёка ад склада знаходзіцца гарадское возера.

Акрамя таго, у ходзе вучэнняў была задзейнічана аўтастанцыя, дзе ў зале чакання, згодна з адной з уводных, знойдзены пакінуты без нагляду пакет з невядомым змесцівам, якое аказалася крыніцай іанізуючага выпраменьвання.

Падчас вучэнняў разносіліся гукі сірэн, чуліся каманды з гучнагаварыцеляў, па горадзе і іншых населеных пунктах курсіравала спецтэхніка. Усё гэта было для таго, каб у выпадку рэальнай надзвычайнай сітуацыі дабіцца граматных і зладжаных дзеянняў усіх службаў і органаў, не дапусціць парушэння жыццезабеспячэння насельніцтва і забяспечыць ахову навакольнага асяроддзя, гарантаваць устойлівае функцыянаванне аб’ектаў. І, безумоўна, напрацаваныя навыкі паслужаць таму, каб у складанай сітуацыі не паддацца паніцы і лішняй сумятні.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

←В Миорах праздник работников бытового обслуживания и ЖКХ

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика