З электрычнасцю на “ТЫ”
Электраманцёр па рамонце і абслугоўванні электраабсталявання КУП “Петрыкаўскі райжылкамгас” Пётр Макарэвіч быў прадстаўлены сёлета на раённым злёце перадавікоў народнай вытворчасці ў намінацыі “Лепшы па прафесіі”. Галоўнымі складальнікамі гэтага вызначэння сталі высокі прафесіяналізм і ўзорнае выкананне працоўных абавязкаў.
Як высветлілася, Пётр Міхайлавіч быў удзельнікам мерапрыемства раённага маштабу неаднаразова. Пра свае заслугі гаворыць сціпла. Маўляў, дастаткова на прадпрыемстве людзей, чые прафесійныя якасці заслугоўваюць увагі. Зразумела, у гэтым няма ніякіх сумненняў, бо камунальная галіна ўвабрала ў сябе людзей шматлікіх спецыяльнасцяў.
Што датычыць Пятра Макарэвіча, то ён таксама на ўсе рукі майстар. Працоўную дзейнасць пачынаў на калінкавіцкім рамонтным заводзе вучнем токара. Затым была служба ў ракетных войсках у Прыбалтыцы. Там з’явілася магчымасць навучыцца на электрыка. Калі вярнуўся, то дваццаць гадоў працоўнага стажу прайшлі ў былым саўгасе “Петрыкаўскі”, дзе працаваў акумулятаршчыкам.
Столькі ж адпрацаваў электраманцёрам па абслугоўванні электраабсталявання ў камунальнай галіне. Пётр Міхайлавіч адказвае за спраўнасць абсталявання кацельняў, якіх толькі ў Петрыкаве функцыянуе восем. З улікам раёна – каля сарака.
Такіх электраманцёраў у горадзе тры чалавекі. Дае разнарадку штодзень майстар Генадзь Серада. Як выказаўся Пётр Міхайлавіч, мінула ўжо гадоў дзесяць, як на кацельнях прайшла мадэрнізацыя. І вельмі важна падтрымліваць абсталяванне ў належным стане, каб не здаралася выпадковых паломак. Усё ж без аварыйных сітуацый не абыходзіцца, і з імі даводзіцца спраўляцца тэрмінова, каб спажыўцы не засталіся без цяпла і гарачай вады ў кватэрах.
Малодшы сын Яўген таксама працуе разам з бацькам, толькі слесарам кантрольна-вымяральных прыбораў. У старэйшага Максіма прыватная справа па рамонце камп’ютараў. Жонка Галіна занята ў ветэрынарнай лякарні.
Віншуем Пятра Макарэвіча і ўсіх камунальшчыкаў з прафесійным святам і зычым здароўя, працоўных і асабістых поспехаў!
Інга ГІЛЕНКА, фота Арцёма ГУСЕВА.