Рыхтуецца новае выданне кнігі аб Верхнядзвіншчыне

Источник материала:  
21.03.2018 — Разное
>

Кніга “Пуцявінамі роднага краю” адразу пасля выхаду ў свет займела попыт сярод патэнцыйных чытачоў, абумоўлены яе адметнасцю сярод іншых выданняў.

Рыхтуецца новае выданне кнігі аб Верхнядзвіншчыне

Звесткі пра Верхнядзвін-шчыну да гэтага былі раскіданы па энцыклапедыях, парадных падарункавых фаліянтах ды шматлікіх буклетах. Важкія ва ўсіх сэнсах кнігі былі непадымныя для масавага чытача з-за сваёй цаны, а мясцовы матэрыял аб’ёмам у некалькі старонак губляўся ў іх сярод соцень іншых. Буклеты ж, адпаведна свайму жанру, мелі вузкі змест, да таго ж не траплялі ў продаж. Былі выпушчаны і некалькі фотаальбомаў, дзе прэзентацыя адметнасцей раёна ажыццяўлялася найперш коштам маляўнічых фатаграфій вялікага маштабу. Разлічаныя на гасцей і турыстаў, яны маглі трапіць у рукі чытача толькі ў якасці падарункаў.
Асобна на паліцы краязнаўчай літаратуры пра Верхнядзвіншчыну стаіць двухтомнік кнігі “Памяць”. Яе вартасць цяжка пераацаніць. Але сур’ёзнае выданне не магло раскашаваць на каляровыя ілюстрацыі, звесткі ж пра прыродныя адметнасці раёна пададзены ў ім толькі сціслымі абзацамі.
Перавага новай кнігі перад усімі папярэднімі краязнаўчымі выданнямі найперш у тым, што ў ёй спалучаны лепшыя іх якасці ў прыдатным для чытача аб’ёме і афармленні, зручным для чытання і разгляду.
Кніга ў дзве з паловай сотні старонак – першае навукова-папулярнае выданне аб нашым краі, дзе ёміста, шматбакова і пазнавальна расказваецца аб яго прыродных адметнасцях і гісторыі.
Раздзел “Прырода нашага Падзвіння” пададзены па навуковым алгарытме. Асобнымі главамі ў лагічным парадку ў ім расказваецца пра геалогію, рэльеф і карысныя выкапні раёна, клімат, унутраныя воды, расліннасць і жывёльны свет нашай мясцовасці, разглядаюцца праблемныя пытанні і перспектыўныя напрамкі прыродаахоўнага плана, дадзена характарыстыка насельніцва ў яго дынаміцы. Змест дапаўняюць падрабязныя табліцы, якія характарызуюць прыродныя аб’екты. У іх змешчаны, напрыклад, звесткі пра 42 ракі і столькі ж азёраў, і нават пра 30 ручаёў і 24 сажалкі. Для найбольш адметных пададзены тэкставыя характарыстыкі і каляровыя фатаграфіі, месца знаходжання кожнага з іх можна знайсці ў картаграфічным дадатку.
Раздзел “Крокі гісторыі” займае амаль дзве трэцi старонак кнігі. Падарожжа ў часе ад сівой старажытнасці да нашых дзён ажыццяўляецца з апорай на гістарычныя дакументы і ілюстрацыі, сярод якіх асаблівую каштоўнасць маюць новыя знаходкі, якія не трапілі ў кнігу “Памяць”. Тэкст навуковага плана дапоўнены аповедамі відавочцаў падзей, фрагментамі народных паданняў, застаўкамі з партрэтамі і біяграфічнымі звесткамі пра нашых землякоў, якія ўславілі родны край сваімі навуковымі і працоўнымі дасягненнямі, творчасцю і баявымі заслугамі.
Кніга не разлічана на пасіўнае чытанне. У канцы кожнай главы прыведзены цікавіны, уражлівыя, а падчас і экзатычныя. А затым чытачу прапаноўваюцца пытанні і практычныя заданні, якія абуджаюць жаданне знайсці на іх пераканаўчыя адказы. У дапамогу пададзены парады, як выконваць найбольш складаныя з іх, прыведзены спасылкі на неабходную літаратуру.
Падказкай для настаўнікаў, якія пажадаюць выкарыстаць кнігу для факультатыўных заняткаў па краязнаўстве, пры планаванні працы стане сама структура выдання, бо кожная глава тут мае лагічна завершаны фрагмент з пытаннямі і заданнямі, разлічаны на адно-два заняткі; прадугледжаны і дадатковы матэрыял для паглыбленага вывучэння гісторыі.
Задаволіць замовы на новую кнігу пакуль што няма магчымасці з-за яе невялікага накладу. Але выдаваец А.У.Маладзечкін запэўнівае ў станоўчым вырашэнні гэтай справы. Ён ужо паказаў іншы варыянт выдання, якое захавала ўсе галоўныя рысы папярэдняга, але будзе больш даступным для пакупніка па кошце, бо кніга будзе выпушчана ў таннейшым пераплёце з сучасных матэрыялаў. Цану меркаванага выдання вызначыць колькасць замоў: чым больш іх будзе зафіксавана – тым меншы стане кошт кнігі.
Замовы на новае выданне нашы чытачы могуць паведаміць па тэлефонах: МТС (29) 7156703, МТС (29) 2164249 да 10 красавіка 2018 г.
А.БУБАЛА.

←50 миллионов лайков за сутки: Бейонсе появилась в золотом полупрозрачном платье на аукционе

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика