Цікава, актуальна,  актыўна…

Источник материала:  
21.03.2018 — Разное

Цікава, актуальна,  актыўна… Актыўнасць, мэтанакіраванасць і  ўпэўненасць у сабе Івана Цымбаліста сведчыць пра тое, што  маладым усюды ў нас дарога.

Іван вучыцца ў 10 “Б” класе сярэдняй школы № 3 г. Століна.  Ён  ва ўстанове і па-за яе сценамі — актывіст,  валанцёр,  спартсмен,  добры вучань і шчыры сябра.  Малады чалавек  не звык сумаваць і жаліцца на  недахоп часу на тое, каб падрыхтаваць дамашняе заданне, дадаткова пазаймацца ці вывучыць пэўную тэму. Ён упэўнены, што здольны правільна  яго размяркоўваць, каб  рацыянальна выкарыстоўваць і  ўсё паспяваць.

Іван цікавіцца матэматыкай, фізікай і гісторыяй. Даспадобы яму заняткі фізічнай культурай. Дадаткова займаецца  ў ДЮСШ на базе ФСК “Аквамарын” баскетболам пад кіраўніцтвам Рамана Аляксандравіча Ляшука. Для маладога чалавека Раман Аляксандравіч з’яўляецца прыкладам для пераймання. Яму імпануе тое, што яго трэнер добры і настойлівы, патрабавальны. Гэта і спрыяе таму, што можна назіраць пэўныя вынікі работы: інтэнсіўныя трэніроўкі і фізічныя нагрузкі з’яўляюцца першай прыступкай на шляху да поспеху і загартаванасці характару. А гэта вельмі важна для  чалавека, які ўмее ставіць перад сабой мэты і дасягаць іх,  лічыць Іван.

У шосты школьны дзень Іван наведвае школьныя факультатывы, займаецца ў інтэлектуальным гуртку. Ён  з’яўляецца членам  ГА “БРСМ”, таму ўдзельнічае ў валанцёрскім руху і з задавальненнем далучаецца да разнастайных акцый, спаборніцтваў, конкурсаў і інш. Каб крышачку адпачыць,  аддае перавагу камп’ютарным гульням.

Вельмі ўдзячны свайму першаму настаўніку пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 г. Століна Галіне Міхайлаўне Найдзінай, якая пакінула незабыўны след у яго памяці і дала трывалыя веды. Падабаюцца вучню прафесійныя і асабістыя якасці настаўніка матэматыкі Марыі Анатольеўны Лысюк, настаўніка беларускай мовы і літаратуры Людмілы Міхайлаўны Еська і настаўніка фізікі Ігара Іванавіча Бухавецкага.

Яшчэ малады чалавек наведвае міжшкольны факультатыў па фізіцы. Падабаецца Івану абмяркоўваць тэмы экалогіі  і энергазберажэння, эканоміі з пункту гледжання навукі, але калі яшчэ і правесці эксперымент, дык тады дакладна можна прыйсці да высновы і даказаць іншым сваю гіпотэзу. Кожны з нас павінен рабіць усё магчымае, каб нашы дзеянні не прыносілі шкоду экалогіі,  дапамагалі эканоміць. Гэта мы ведаем з дзяцінства, але што для гэтага трэба зрабіць. Вось вучань 10 “Б” класа разам з настаўнікам Кірылам Васільевічам Мясніковым паспрабавалі адказаць на гэтае пытанне.

Іван Цымбаліст стаў удзельнікам навукова-практычнай канферэнцыі і заняў першае месца ў раёне. Ён узнагароджаны дыпломам першай ступені.

– Праўда, вельмі хваляваўся, калі адстойваў права на існаванне праекта экалагічнай скіраванасці, — прызнаецца  малады чалавек. —  Але да гэтага часу лічу, што тэма тэрмавыпарэння даволі актуальная ў наш час. Перад удзельнікамі канферэнцыі стаяла задача даказаць членам журы, што іх даследаванне выканана на дастатковым навуковым узроўні, прывесці свае доказы, расказаць пра спосабы прымянення і г. д.  Самым цяжкім для мяне стала   абарона, калі давялося адказваць на пытанні журы. Прадстаўнік Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта прапанаваў новую ідэю наконт агучанага мною праекта, але ж  я змог адстаяць  свой пункт гледжання.

З задавальненнем удзельнічаў і ў энергамарафоне, які праводзіцца ў раёне не першы год.

Міжрэгіянальны этап конкурсу “100 ідэй для Беларусі” прайшоў на базе Палескага дзяржаўнага ўніверсітэта. Яго ўдзельнікі закраналі розныя сферы жыццядзейнасці грамадства: эканоміку, інтэрнэт-тэхналогіі, экалогію, энергазберажэнне, адукацыю, здаровы лад жыцця і інш. Іван Цымбаліст выступіў з праектам здабычы электраэнергіі экалагічна чыстым спосабам, што зацікавіла ўдзельнікаў мерапрыемства.

Праект “Энергия вентиляционных шахт отопительных котлов” Іван Цымбаліст пад кіраўніцтвам Кірылы Мяснікова  прэзентаваў у час правядзення ў г. Брэсце  моладзевага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”.

– Мы вырашылі ўстанавіць ветрагенератар на вентыляцыйную шахту катлоў ацяплення ў шматпавярховых дамах і атрымаць экалагічна чыстую электраэнергію, якая можа быць выкарыстана для абслугоўвання будынка ці трапляць у электрасеткі, – расказвае  малады чалавек. – Наша сістэма энергаэфектыўная  і дазваляе атрымаць значную эканомію сродкаў за кошт эканоміі электраэнергіі.  Гэта вельмі цікава і актуальна.

Удзел у даследчай дзейнасці, пошук новых ідэй, паглыбленне ў сутнасць розных цікавых тэм, падтрымка акцый, насычанае штодзённае школьнае жыццё не даюць Івану стаяць на месцы. Ён увесь час імкнецца наперад, не саступаючы ні на адну прыступку ў адваротным кірунку. Яго мэта – паступіць у навучальную ўстанову сілавой скіраванасці.  І малады чалавек ідзе да яе рэалізацыі вывераным шляхам.

Людміла КАСПЯРОВІЧ

Фота аўтара

←Беларусь ввела ограничения на экспорт необработанной доски и черновой мебельной заготовки

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика