Жыхарка Быхаўскага раёна тры дні збівала трохмесячнага сына
Фота: pravnik.by
Упраўленне Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці пачало крымінальную справу на 23-гадовую жыхарку Быхаўскага раёна. Яе вінавацяць у наўмысным прычыненні цяжкага цялеснага пашкоджання, учыненым у дачыненні да заведама малалетняга, які знаходзіцца ў бездапаможным стане, спосабам, які носіць характар катавання.
Следства выявіла, што з 8 па 10 сакавіка жанчына ў нецвярозым стане ў сябе дома збівала свайго трохмесячнага сына. Выявілі гэта медыкі падчас планавага медагляду.
Жанчыну ўзялі пад варту. Цяпер з ёй працуюць следчыя. Яны высвятляюць усе абставіны здарэння, збіраюць характарыстыкі на ўсіх чальцоў сям'і.
Следства прызначыла комплекс судовых экспертыз. У тым ліку абвінавачанай прызначылі судова-псіхіятрычную экспертызу, каб вызначыць, ці магла яна ўсведамляць фактычны характар зробленага і несці адказнасць на агульных падставах.