Самалёт Мінск-Парыж дзве гадзіны кружыў над Беларуссю і вярнуўся ў аэрапорт
Нацыянальны аэрапорт Мінск. Фота: БЕЛТА
Самалёт Мінск-Парыж 27 лютага мусіў вярнуцца назад, у аэрапорт вылету. Прычынай вяртання была няспраўнасць у сістэме кандыцыянавання, інфармуе БЕЛТА са спасылкай на авіякампанію "Белавія".
Самалёт вылецеў з Мінска ў адпаведнасці з раскладам — у 11.40. Пасля гэтага ён дзве гадзіны кружляў над Беларуссю, выпрацоўваючы паліва. У 13.38 самалёт вярнуўся ў Нацыянальны аэрапорт Мінск.
У "Белавія" патлумачылі: "Пры ўзлёце авіялайнера Embraer 195 у кабіне пілотнага складу спрацавала сігналізацыя аб тэхнічнай няспраўнасці ў сістэме кандыцыянавання. Экіпаж прыняў рашэнне аб выпрацоўцы паліва для вяртання паветранага судна ў аэрапорт вылету. Пасадка ў Нацыянальным аэрапорце Мінск прайшла ў штатным рэжыме".
У Парыж пасажыры адправіліся рэзервовым самалётам у 15.55.