Пасля ДТЗ гродзенец пайшоў па дарозе, папіваючы гарэлку
Фота: gaigrodno.by
На выходных Гродзенская ДАІ затрымала двух маладых кіроўцаў, у якіх зафіксавалі алькагольнае ап'яненне, паведамляе gaigrodno.by.
У суботу ўвечары малады чалавек піў піва каля крамы на Індурскай шашы. Каля другой гадзіны ночы яму затэлефанавала знаёмая і папрасіла тэрмінова пад'ехаць у раён гіпермаркета на вуліцы Савецкіх памежнікаў. Ён сеў у сваё аўто, якое стаяла каля крамы на вуліцы Перамогі. Аднак праехаць ён здолеў толькі метраў дзесяць, пасля чаго машыну занесла направа на бардзюр. Калі кіроўца аглядаў аўтамабіль, да яго пад'ехаў нарад ДПС. Утрыманне алкаголю ў затрыманага перавышала гранічна дапушчальную норму больш чым у пяць разоў.
Другі кіроўца ехаў у Скідаль пасля адпачынку ў аквапарку. Каля вёскі Азёры яго аўтамабіль перакуліўся пасля заносу ў правы кювет. Хлопец спрабаваў спыніць спадарожны аўтамабіль, але ўсе праязджалі міма. Тады ён дастаў бутэльку гарэлкі і пайшоў у бок вёскі. Па дарозе ён выпіў усю бутэльку. Даішнікі затрымалі маладога чалавек на ўскраіне Азёраў. На момант агляду ўтрыманне алкаголю ў парушальніка перавышала максімальна дазволеную норму больш як у сем разоў.
Паведамляецца, што хлопец ад'язджаў п'яным яшчэ ад аквапарку. Некаторыя адпачывальнікі хацелі затэлефанаваць у ДАІ і паведаміць, "але чамусьці гэтага не зрабілі".