16-гадовы "бяспраўнік" спрабаваў уцячы ад брэсцкіх даішнікаў
Фота: pikabu.ru
16-гадовы брэстаўчанін спрабаваў уцячы ад даішнікаў спярша на аўто, а потым пешшу.
Здарэнне адбылося ўвечары 2 снежня, паведамляе gaibrest.by. Каля 22-й гадзіны нарад ДАІ звярнуў увагу на аўтамабіль "ВАЗ", які рухаўся па вуліцы Будаўнічай. Увагу інспектараў прыцягнула частае ўключэнне і выключэнне блізкага святла фар. Даішнікі запатрабавалі, каб кіроўца спыніўся, але той праігнараваў патрабаванне і пачаў уцякаць.
Пагоня доўжылася каля 20 хвілінаў. Потым кіроўца кінуў аўтамабіль каля перасячэння аўтадарогі М1/Е30 з вуліцай Гарадской і схаваўся ў лесе. Аднак міліцыянтам усё ж удалося высветліць асобу парушальніка.
На маладога брэстаўчаніна, які не мае правоў кіроўцы, склалі сем адміністрацыйных пратаколаў. Яшчэ адзін пратакол інспектары склалі на ўладальніка аўтамабіля.