Вiцебск у мiнулым: навошта будавалі яшчэ адну ратушу - каля аблвыканкама?

Источник материала:  
05.12.2017 14:20 — Разное

«Ратуша на Духавай гары» — пад такім загалоўкам 19 ліпеня 1990 года ў газеце «Віцебскі рабочы» выйшаў артыкул, у якім расказвалася пра ўзвядзенне вежы (1) побач з новай прыбудовай да аблвыканкама. У той час гараджане спрачаліся, ці варта гэта рабіць. Можа, лепш аднавіць царкву Святога Духа (2)?


Царкву Святога Духа пабудавалі каля сярэдзіны ХІV ст. (па некаторых звестках, у 1340 годзе) падчас княжання Альгерда (з 1345-га — вялікі князь ВКЛ). Пазней храм некалькі разоў пераходзіў ад праваслаўных да ўніятаў і наадварот. У 1697 годзе пры царкве заснавалі базыльянскі манастыр. На сродкі мешчаніна Патапа Бібкі царкву перабудавалі ў стылі віленскага барока. У 1839-м храм і манастыр сталі праваслаўнымі. У 1870-м царкву перабудавалі ў псеўдарускім стылі.

"Прогулки по незнакомому Витебску". Что находилось на месте амфитеатра, облисполкома, "пирамид"

Альтэрнатыўны пункт гледжання прадстаўляў выкладчык тэхналагічнага інстытута лёгкай прамысловасці (зараз тэхналагічны ўніверсітэт) Валянцін Арлоў. Ён расказаў, што задоўга да прыняцця хрысціянства на Духавай гары былі валатоўкі - так называлі месца, дзе хавалі продкаў па язычніцкім абрадзе.

Як зазначаў Валянцін Арлоў, у 1947-м у Віцебску 16 аб’ектаў мелі статус архітэктурных помнікаў. Праз год іх колькасць зменшылася да чатырох: Дабравешчанская царква, ратуша, былы палац генерал-губернатара і царква Маркава манастыра. Але ў лістападзе 1950-га для зацвярджэння камісіяй Акадэміі навук СССР падрыхтавалі новы спіс з 14 аб’ектаў, у лік якіх уваходзіла і Духаўская царква. Праўда, у маі 1953 года ён зноў значна скараціўся. Засталіся ратуша, палац генерал-губернатара і Дабравешчанская царква (яе, нягледзячы на статус, узарвалі ў 1961-м).

Праз год гэткі лёс напаткаў і рэшткі безабароннай Духаўскай царквы. Валянцін Арлоў наракаў, што план рэгенерацыі Віцебска ў 1986 го­дзе зацвярджалі келейна, без удзелу грамадскасці. Нібыта на месцы храма ў адпаведнасці «з сістэмай вышынных акцэнтаў горада» першапачаткова меркавалі паставіць 9-павярховую каробку.

Школа для дзяўчат

На старым здымку мы бачым частку цяперашняга абл­выканкама (3), а на той час — першага на Беларусі жаночага духоўнага вучылішча. На флагштоку (4) перад уваходам і на фасадзе вісяць (не менш за пяць) сцягі Расійскай імперыі. Такая іх колькасць сведчыць, што адміністрацыя падрыхтавалася да святкавання важнай падзеі. Магчыма, фатаграфія зафіксавала імгненне 1913-га, калі шырока адзначалі 300-годдзе дома Раманавых.

Духоўнае вучылішча для дачок праваслаўных святароў адкрылі вясной 1864-га. Першы час яно размяшчалася ў арэндаваных памяшканнях у Задзвінні. У 1872-м установу перавялі ў былы Свята-Духаў манастыр. У 1898−1902 гадах на яго месцы па праекце інжынераў А. К. Паўлоўскага і П. А. Ві­наградава ўзвялі прасторны і рэспектабельны будынак, які злучаўся закрытай галерэяй з царквой.

На першым і другім паверхах былі класы, на трэцім — спальні. Дзяўчатам выкладалі рускую і стараславянскую мовы, арыфметыку, геаметрыю, фізіку, гісторыю, геаграфію, маляванне, рука­дзелле, царкоўныя спевы. Вучылі весці хатнюю гаспадарку, працаваць у садзе і на агародзе, даглядаць дзяцей і хворых. Аб’ём ведаў быў меншы, чым у гімназіях. Аднак выпускніцы атрымлівалі званне хатніх настаўніц па прадметах, па якіх дасягнулі добрых вынікаў.

З 1915 года, падчас Першай сусветнай вайны, будынак пераабсталявалі пад шпіталь, клапаціцца аб параненых дапамагалі і выхаванкі. У 1918-м тут размяшчаліся ваенкамат, ваенныя курсы, потым штаб Віцебскай авіябрыгады.

Аблвыканкам сюды пераехаў у 1938-м, калі згодна з указам Вярхоўнага Савета СССР у Беларусі ўвялі новае адміністратыўна-тэрытарыяльнае дзяленне — вобласці замест акругоў. Так што налета гэтай падзеі споўніцца 80 гадоў.

Больш падрабязна пра гісторыю будынка духоўнага вучылішча можна даведацца з кнігі Аркадзя Падліпскага «Вуліца Гогаля, 6».

Новая ратуша

Катлаван пад новы 5-павярховы корпус аблвыканкама (5) з вежай пачалі капаць у 1986 годзе. Адзін з аўтараў праекта — Мікалай Рызо — расказаў карэспандэнту «Віцебскага рабочага», што ўзвядзенне прыбудовы неабходна, каб размясціць у адным месцы ўстановы і службы аблвыканкама.


Прадугледзілі і залу для пасяджэнняў дэпутатаў аблсавета, яе аснасцілі электронна-вылічальнай апаратурай (дагэтуль народныя абраннікі арэндавалі памяшканні). У фае планавалі павесіць пано з выявамі гарадоў Віцебшчыны.

Па словах Мікалая Рызо, вежу да прыбудовы, па-першае, спраектавалі па даўняй еўрапейскай традыцыі: дзе месціцца вышэйшая ўлада рэгіёна, там павінна быць ратуша. Па-другое, царква не ўяўляла асаблівай архітэктурнай каштоўнасці і не падлягала аднаўленню. Таму замест былога «вышыннага акцэнту горада» вырашылі ўзвесці новую ратушу, яе будаўніцтва планавалі скончыць у 1990 годзе.

Купал 48-метровай вежы з гадзіннікам аздобілі чырвонай меддзю. Планавалася, што на шпілі з пазалочаным шарыкам будзе лунаць сцяг. Вежу меркавалі выкарыстоўваць і ў турыстычных мэтах, таму абсталявалі пляцоўку для агляду горада (6). Але палюбавацца панарамай горада можна на аналагічнай пляцоўцы на старой ратушы.

←Видеофакт: как снимали с крыши "связанного с Януковичем" Саакашвили

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика