Сямігадовая школьніца ў Оршы трапіла ў рэанімацыю пасля аўтааварыі
Фота: orsha.eu
У Оршы на скрыжаванні вуліцаў Леніна і Шаўчэнкі зранку 10 лістапада адбылася аўтааварыя, у выніку якой моцную чэрапна-мазгавую траўму атрымала сямігадовая школьніца.
Як піша мясцовы сайт orsha.eu, маці везла на аўтамабілі сваіх дзяцей па звычайным маршруце: малодшага ў дзіцячы сад, дачку — у 17-ю школу. Недалёка ад школы аўто трапіла ў ДТЗ: у яго ўрэзаўся іншы аўтамабіль.
Асноўны ўдар прыпаў на той бок, дзе знаходзілася дзяўчынка. Яна атрымала настолькі моцную траўму, што з Віцебска на дапамогу аршанскім дактарам выехалі дактары-спецыялісты.
"Народныя навіны Віцебска" ўдакладняюць, што дзяўчынка знаходзілася на заднім сядзенні ў спецыяльным дзіцячым аўтокрэсле.
Дарэчы, за рулём другога аўто таксама была жанчына: маці пацярпелай дзяўчынкі 28 гадоў, а другой удзельніцы ДТЗ — 22 гады.