"Ісламская дзяржава" ўзяла на сябе адказнасць за тэракт у Нью-Ёрку
Байцы "Ісламскай дзяржавы". Фота: BBC.com
Тэрарыстычная арганізацыя "Ісламская дзяржава" ўзяла на сябе адказнасць за тэракт у Нью-Ёрку. ІДІЛ назвала выхадца з Узбекістана Сайфулу Саіпава, які зладзіў атаку, "адным з салдатаў халіфата". Пра гэта са спасылкай на выданне "Ісламскага дзяржавы" Al-Naba паведамляе агенцтва Reuters.
Адзначаецца, што ІДІЛ не прадаставіла ніякіх доказаў сувязі з Саіпавым. Ён дзейнічаў як тэрарыст-адзіночка.
Сам Сайфула Саіпаў неаднаразова заяўляў аб датычнасьці да "Ісламскай дзяржавы", чым раз'юшыў прэзідэнта ЗША Дональда Трампа. "Тэрарыст з Нью-Ёрка быў такі шчаслівы, калі папрасіў павесіць сцяг Ісламскай дзяржавы ў сваёй бальнічнай палаце... Ён забіў 8 чалавек, 12 атрымалі цяжкія раненні. ЯГО ТРЭБА ПАКАРАЦЬ СМЕРЦЮ!" — напісаў у твітэры эксцэнтрычны Трамп.
Напярэдадні Сайфуле Саіпаву былі прад'яўленыя афіцыйныя абвінавачванні: у забойстве васьмі чалавек і ў аказанні матэрыяльнай падтрымкі тэрарыстычнай групоўцы.