На адміністратара фітнэс-цэнтра "Нардзін" пачалі крымінальную справу за ДТЗ

Фота: Следчы камітэт
Следчы камітэт пачаў крымінальную справу на мінчука з нагоды ДТЗ на вуліцы Кальварыйскай. У выніку той аўтааварыі сур'ёзна пацярпеў кіроўца таксі. Пра гэта ў сацсетках паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Юлія Ганчарова.
Здарэнне адбылося 7 кастрычніка каля першай гадзіны ночы. Кіроўца BMW 650i xDrive ехаў па вуліцы Кальварыйскай у бок вуліцы Скрыганава і не справіўся з кіраваннем. Яго аўтамабіль вылецеў з праезнай часткі і ўрэзаўся ў ліхтарны слуп. Пасля гэтага машыну адкінула на дарогу, дзе ён сутыкнуўся з таксоўкай Opel Astra. Пры гэтым таксовец атрымаў цялесныя пашкоджанні ў выглядзе спалучанай траўмы і быў шпіталізаваны.
Кіроўца BMW уцёк з месца здарэння, але яго асобу хутка высветлілі. Гэта, як паведамляе Ганчарова, 29-гадовы грамадзянін Расіі, адміністратар аднаго з медыцынскіх цэнтраў Мінска. "Паводле папярэдніх даных медыцынскага агляду, ён знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення. У выдыханым паветры было зафіксавана 0,94 праміле ў першай пробе і 0,68 — у другой", — дадала прадстаўніца Следчага камітэта.
У пацярпелага таксоўца — малое дзіця і цяжарная жонка. Сам ён, па звестках nn.by, знаходзіцца ў каматозным стане.
Цяперашняе месцазнаходжанне кіроўцы невядомае.
Як удакладняе nn.by, гаворка ідзе пра Вячаслава Карнеяўца, адміністратара фінэс-цэнтра "Нардзін". Яго маці — сузаснавальніца медцэнтра "Нардзін" і прадпрыемстваў у медыцынскай сферы ў Расіі. Бацька — трэнер нацыянальнай каманды па веславанні.
Следчыя паведамляюць, што ў аўтамабілі, якім кіраваў Карнеявец, былі яшчэ два пасажыры. Іх ужо дапыталі. Таксама адбыліся допыты сваякоў падазраванага ды іншых асоб.
Крымінальная справа пачатая за парушэнне правілаў дарожнага руху або эксплуатацыі транспартных сродкаў.