У Баранавіцкім раёне воз з бульбай сутыкнуўся з аўтамабілем і ўцёк з месца ДТЗ
13.10.2017 13:31
—
Разное

Фота: foter.com
Не зусім звычайная аўтааварыя адбылася пад Баранавічамі ўвечары 12 кастрычніка каля 19-й гадзіны, піша intex-press.by.
Па аўтадарозе Р-4 Баранавічы-Ляхавічы ехаў воз, гружаны бульбай. На возе не было ні ліхтароў, ні святлоадбівальных элементаў, а сам ён рухаўся пасярэдзіне дарогі.
Насустрач возу ехаў аўтамабіль "Опель Астра", за рулём якога быў 37-гадовы жыхар Баранавічаў. На дарозе машына зачапіла воз і атрымала механічныя пашкоджанні. На шчасце, ніхто не пацярпеў. Пакуль кіроўца аўто расстаўляў на дарозе аварыйныя знакі, воз з'ехаў з месца ДТЗ.
Супрацоўнікі Баранавіцкай ДАІ шукаюць сведкаў аварыі альбо тых, хто валодае якой-небудзь інфармацыяй пра гэты воз.