У Слуцкім раёне мужчына збіў бітай ліцэістаў на скутары (фота)
![У Слуцкім раёне мужчына збіў бітай ліцэістаў на скутары (фота)](http://www.21.by/pub/news/2017/07/1501509754760745.jpg)
Здымак з архіву.
У Слуцкім раёне 36-гадовы мужчына збіў бітай ліцэістаў на скутары. Увечары падлеткі спыніліся каля дома і шумелі (гучна працаваў рухавік, гучала музыка), перашкаджалі адпачынку малых дзяцей, на заўвагі не рэагавалі. Пасля таго, як яны яшчэ груба адказалі і паказалі непрыстойны жэст, мужчына прынёс самаробную драўляную біту і двойчы ўдарыў ёй па шлеме кіроўцы скутара. Крыху дасталося і пасажыру. Хлопцы ўцяклі і звярнуліся ў міліцыю.
Як інфармуе афіцыйны прадстаўнік УУС Мінаблвыканкама Аляксандр Марчанка, у адносінах вяскоўца распачалі крымінальную справу, артыкул — “Асабліва злоснае хуліганства” (ч. 3 арт. 339 КК). Мужчыне пагражае да 10 гадоў пазбаўлення волі.
Сайт kurjer.info дадае, што здарэнне адбылося ў вёсцы Безвярховічы. Па яго звестках, мужчына ўдарыў па шлеме аж пяць разоў, і ён раскалоўся. 17-гадовыя хлопцы патэлефанавалі сваім бацькам, а ўжо тыя звярнуліся да праваахоўнікаў.