Надвор’е ў Беларусі палепшыцца ў пачатку наступнага тыдня

Фота: БЕЛТА
Надвор’е ў Беларусі палепшыцца ў пачатку наступнага тыдня. А ў бліжэйшыя дні яно будзе прахалодным і дажджлівым, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на беларускіх сіноптыкаў. Днямі ў нашай краіне прайшлі моцныя залевы, пасля якіх прыйшло халоднае паветра са Скандынавіі. У выхадныя ў начныя гадзіны чакаецца ад 6 да 13 градусаў са знакам плюс, у дзённыя гадзіны — ад +14 да +24. У суботу кароткачасовыя дажджы прагназуюцца на паўночным усходзе нашай краіны, у нядзелю ў асобных раёнах магчымыя навальніцы.
З панядзелка тэмпература паветра стане павышацца. У аўторак, 18 ліпеня, удзень чакаецца 19-26 цяпла, у сераду, 19 ліпеня — 20-27 градусаў, у чацвер — 23-29 цяпла. Аднак уначы будзе прахалодна — толькі 7-13 градусаў. Дажджоў і навальніц будзе не шмат, у сераду і чацвер — пераважна без ападкаў.