Электрыка Жабінкаўскага завода забіла токам на трансфарматарнай падстанцыі
Фота: master-miass.ru
Жабінкаўскі райаддзел Следчага камітэта праводзіць праверку з нагоды гібелі 31-гадовага мясцовага жыхара. Пра дэталі здарэння агенцтву БЕЛТА распавяла афіцыйная прадстаўніца ўпраўлення Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці Марына Дранькова.
Трагічнае здарэнне адбылося раніцай 11 траўня каля вёскі Сакі. Мужчына працаваў электрыкам на Жабінкаўскім цукровым заводзе. Разам з майстрам і інжынерам-наладчыкам яго накіравалі на трансфарматарную падстанцыю, каб падрыхтаваць тэхналагічнае абсталяванне для пуску вады.
Электраманцёр прыбыў на аб'ект раней за калег. Паводле папярэдняй інфармацыі, ён, парушаючы тэхніку бяспекі, стаў праціраць ад пылу высакавольтныя ізалятары, якія знаходзяцца пад напругай за ахоўнай сеткай. Ад удару токам мужчына памёр на месцы. Яго цела знайшлі супрацоўнікі прадпрыемства.