"Мара, а не праца. Толькі б не перашкаджалі". Як беларуская мова дапамагае кіроўцу ў працы

Источник материала:  
21.02.2017 14:23 — Разное

Беларускую мову ў сферы абслугоўвання мы чуем не часта. Бадай таму сустрэча з беларускамоўным кіроўцам уласнага турыстычнага аўтобуса Віктарам Бразоўскім напярэдадні Дня роднай мовы была для AUTO.TUT.BY прыемным сюрпрызам. Віктар кантактуе са сваімі пасажырамі па-беларуску: прапануе беларускія фільмы, музыку, часам пажартуе — і так паступова прывучае іх разумець і шанаваць мову.


Сустрэчу Віктар прызначыў на адной са станцый тэхабслугоўвання ў прыгарадзе — тут рамантуюць яго аўтобус. Якое ж было здзіўленне, калі ў абумоўлены час насустрач выйшаў імпазантны мужчына ў таніраваных акулярах, апрануты ў чорнае паліто, на галаве — каўбойскі капялюш. Аказалася, гэта якраз наш суразмоўца — Віктар Бразоўскі.

— Раскажу ўсё як святому айцу, — пажартаваў мужчына. — Не думайце, што я спецыяльна для інтэрв'ю так апрануўся. Капелюшы вельмі люблю. Яны для мяне — абавязковы атрыбут адзення, частка майго іміджу. Зімой ён у мяне цёплы, а ўлетку — часцей за ўсё саламяны, яшчэ ёсць кашуля з вышыванкай — вельмі падабаюцца мне нашы беларускія ўзоры, падабаліся яшчэ да таго, як гэта стала модна.


Фота з асабістага архіва Віктара Бразоўскага

На думку знаёмых Віктара, чалавек ён незвычайны. Але сам ён да такога меркавання ставіцца з іроніяй.

— Нічога незвычайнага ў тым, што размаўляю на мове, няма. Усе ў маім акружэнні размаўляюць на беларускай мове, дык як тады гаварыць мне? А што экстравагантная вопратка — дык гэта ўплыў продкаў: баба і дзед па бацькавай лініі — палякі. Яны жылі ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёну — мястэчка знаходзіцца амаль што побач з Гродзенскай вобласцю.

Бацькі Віктара былі рамантыкамі. На пачатку 60-х гадоў мінулага стагоддзя яны вырашылі адправіцца ў Карэльскую АССР — за новымі пачуццямі і, заадно, каб зарабіць грошай на лесаапрацоўцы. Там, у горадзе Прыазёрску, 57 гадоў таму нарадзіўся і Віктар.

— Сям'я часам вярталася ў Беларусь, напрыклад, школу я закончыў валожынскую. А потым мы зноў адправіліся ў Карэлію.


Пасля службы ў арміі за палярным кругам у Кандалакшы Віктар працаваў у гаркаме камсамола. Але неўзабаве вярнуўся ў Беларусь. Тут працаваў у сельскай гаспадарцы, служыў у войску, а ў 1986−1987 гадах рвануў у Чарнобыль — ліквідаваць наступствы аварыі. Гэта не прайшло бясследна для здароўя, і Віктар мусіў звольніцца з арміі.

— У той час у мяне была ўжо сям’я і двое дзяцей. Грошы трэба было неяк зарабляць, каб іх карміць. Вырашыў, што пайду працаваць кіроўцам, — распавядае мужчына. Добра, што ў Віктара на той момант былі адкрытыя катэгорыі на кіраванне ўсімі відамі транспарту. А ў дадатак ён меў пасведчанне трактарыста ды кранаўшчыка. Увесь набор. Ён мог сесці за руль цягача з прычэпам і ехаць дальнабойшчыкам за мяжу — такая праца ў той час вельмі добра аплачвалася.


— Але быць кіроўцам-дальнабойшчыкам не маё: едзеш сам насам, ты і дарога. А мне падабалася працаваць з людзьмі. Тады і вырашыў, што буду кіраваць аўтобусам. Некаторы час нават вазіў пасажыраў на сталічным аўтобусе на 44-м маршруце, а потым пайшоў працаваць наёмным кіроўцам на турыстычны аўтобус.

Першыя замежныя рэйсы асабліва ўразілі кіроўцу і ўрэзаліся яму ў памяць.

— Прывожу людзей, напрыклад, у Парыж. Такая прыгажосць усюды! Пасажыры мае ходзяць у захапленні з раззяўленым ротам, і я разам з імі. Але турысты, каб патрапіць туды, свае грошы аддалі, а мне, наадварот, яшчэ і заробак плацілі. Мара, а не праца!

За гады працы на пасажырскім аўтобусе Віктар Бразоўскі ні разу не пашкадаваў, што выбраў менавіта гэты шлях. Нават нягледзячы на тое, што пасажыры, часам, аказваюцца вельмі пераборлівымі.

— З людзьмі мы вырашаем усе пытанні палюбоўна. Шмат што залежыць ад старэйшага групы. Вядома, бывае, што старэйшы — маладзенькая дзяўчынка, сама стамілася так, што ні хадзіць не можа, ні размаўляць. Тады я прашу свайго зменшчыка сесці за руль і іду па аўтобусе. Кажу пасажырам: «Ну што, мае дарагія, як вы тут, як едзецца? Можа вам горача ці холадна? Можа што патрэбна?» Да кожнага пасажыра трэба з увагай, з усмешкай — і людзі адклікаюцца.


Чатыры гады таму Віктар Бразоўскі выкупіў у свайго былога працадаўцы бізнэс, і цяпер ён сам — і гаспадар, і дырэктар, і кіроўца на фірме, якая возіць турыстаў па Беларусі і ў Еўропу.

— Усе назапашаныя грошы я ўклаў у фірму. Потым прыгнаў з Нідэрландаў аўтобус Bova на 57 месцаў. Фінансава я быў яшчэ не гатовы да такога набытку, таму і цяпер яшчэ выплочваю за яго грошы.


Віктар распавядае, што разлічвацца па пазыках сёння стала цяжэй, чым нават чатыры гады таму.

— Рэйсаў стала нашмат менш. Можам увогуле прастаяць некаторы час без паездак. Самы папулярны напрамак — Крым — цяпер закрыты. Ездзім, у асноўным, у Італію, Польшчу, Літву, часам заказваюць аўтобус для экскурсій па беларускіх гарадах.

Кожны год у галіне пасажырскіх перавозак з’яўляюцца нейкія новаўвядзенні, якія часта ў нечым абмяжоўваюць прадпрымальніка. З апошняга, напрыклад, — на тэрыторыі Еўропы ў аўтобусах пасажырам забаранілі карыстацца кавамашынамі.

— Каб мець магчымасць карыстацца кавамашынай, трэба атрымаць спецыяльны дазвол — яго атрымаць даволі складана: патрэбны сертыфікаты на сам апарат, на каву, гарбату і ваду, а сам кіроўца павінен мець санітарную кніжку. Правяраючыя заходзяць у аўтобус і ў першую чаргу мацаюць кавамашыну — гарачая ці не. Калі гарачая — атрымай штраф у 50 еўра.

Каб выйсці з сітуацыі і не пакідаць людзей у доўгай дарозе без кавы і гарбаты, Віктар бярэ з сабой некалькі вялікіх тэрмасаў з кіпнем. А каля дзвярэй кіроўцы ў Віктара ўсталяваная «шпіёнская штука» — бойлер, які некалі стаяў у салоне самалёта.


«Шпіенскі» бойлер раней стаяў у самалёце

Заказваюць аўтобус Віктара ў рэйс у асноўным яго сябры ды знаёмыя — уладальнікі турыстычных фірмаў, якія даўно супрацоўнічаюць з Віктарам.

— Я нават не магу іх назваць кліентамі, бо гэта мае сябры. Прыемна, што многія турысты аддаюць перавагу рэйсам менавіта з намі. Спадзяюся, прычынай гэтаму мая шчырая любоў да людзей.

Асаблівасць экскурсій, якія возіць Віктар, нельга не заўважыць: большасць з іх праводзіцца на беларускай мове.

— Сам я перайшоў на беларускую гадоў пяць таму назад — у маім асяроддзі з’явіліся добрыя і шчырыя людзі, якія падштурхнулі мяне да гэтага, перадалі мне сваю любоў да беларускай мовы. Хоць ідэальнай маю мову назваць нельга — хутчэй, гэта трасянка. Але я не спыняюся і ўдасканальваю свае веды. Нядаўна злавіў сябе на думцы, што пачаў і думаць па-беларуску!

Турысты, большасць з якіх — маладыя людзі, і самі часам просяць, каб у аўтобусе гучала беларуская мова, а кіроўца прапаноўвае беларускія фільмы ды песні.

— Гэта не значыць, што я навязваю беларускую музыку. Як правіла, гэты выбар стаіць за пасажырамі.

Дарэчы, сам Віктар выдатна грае на баяне і спявае народныя беларускія песні. Таму, падчас прыпынкаў ён папросту можа ўзяць інструмент і так выступіць, што спяваць будзе ўвесь аўтобус.


— Я вельмі люблю Беларусь і Польшчу, таму і на люстэрку ў аўтобусе павесіў нацыянальныя атрыбуты — польскі штандар, бел-чырвона-белую стужачку, гістарычны сцяг Беларусі, а таксама герб Менска. Напамін пра радзіму.

Кіроўца кажа, што пасажыры аўтобуса нармальна ставяцца да нацыянальнай гістарычнай атрыбутыкі. Аднак трапіўся Віктару і такі чалавек, які палічыў, што гэтыя сцягі і сімвалы — парушэнне закона.

— Ён напісаў на мяне скаргу ў ДАІ Валожынскага раёна, маўляў, гэтыя сцягі носяць экстрэмісцкі характар і чырвоная абклейка майго аўтобуса — таксама. ДАІ дала мне штраф паўбазавай. Але той чалавек вырашыў, што гэтае пакаранне занадта мяккае, і напісаў яшчэ скаргі ў падатковую інспекцыю, транспартнікам і, паўторна, — у ДАІ. Цяпер, замест таго, каб працаваць, я езджу па гэтых інстанцыях і даю тлумачэнні.


З-за гэтай атрыбутыкі кіроўца зараз дае тлумачэнні ў розных інстанцыях

Віктар вымушаны быў зняць чырвоную налепку са свайго аўтобуса. А вось сцяжкі з люстэрка прыбіраць ён не збіраецца.

— Для кіроўцы існуюць правілы дарожнага руху, якія парушаць нельга — я іх і не парушаю. Мае сцяжкі не прымацаваныя да лабавога шкла і не замінаюць агляду. У крайнім выпадку, калі мяне вымусяць іх зняць адсюль, я проста перевешу іх у іншае месца.

Пакуль аўтобус у рамонце, Віктар зацвярджае пашпарт аўтобуса — каб чырвоная налепка на транспартным сродку была законнай. Спадзяецца, што ў бліжэйшы час абноўлены аўтобус павязе сваіх пасажыраў па гарадах Беларусі і Еўропы.


Адзін з пяці дзяцей Віктара — Яўген — дапамагае бацьку рамантаваць аўтобус

— Аб чым я мару? — на хвіліну задумваецца Віктар. — Хачу, каб ніхто не замінаў маёй працы і каб магчымасцяў у нас было больш. Мару, што я буду і далей вазіць людзей па розных краінах, а праз некалькі гадоў куплю новы прыгожы аўтобус. Працаваць на ім буду для душы, так, каб атрымліваць ад працы толькі радасць і дзяліцца ёю са сваімі пасажырамі.

←Госкомимущество выставит оценки представителям государства в ОАО

Лента Новостей ТОП-Новости Беларуси
Яндекс.Метрика