Страшная аўтааварыя пад Мінскам: адзін з кіроўцаў трапіў у рэанімацыю
Фота: onliner.by
Тры чалавекі атрымалі траўмы і былі шпіталізаваныя ў выніку страшнай аўтаварыі, якая адбылася зранку 17 лютага ў Мінскім раёне. Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавяла старшы інспектар аддзялення агітацыі і прапаганды УДАІ УУС Мінаблвыканкама Алена Сакалова.
Паведамленне пра ДТЗ даішнікі атрымалі ў 7.30 раніцы. 58-гадовы маладзечанец на аўтамабілі "Опель Астра" на дарозе згубіў увагу і выехаў на сустрэчную паласу. Там яго машына ўлабавую сутыкнулася з "Рэно Дастэрам", за рулём якога быў 68-гадовы мінчук.
Пры аварыі траўмы атрымалі абодва кіроўцы і 55-гадовы пасажыр "Рэно". Усіх іх давялося шпіталізаваць, кіроўцу "Опеля" даставілі ў рэанімацыю Мінскай абласной клінікі.
Праваахоўнікі падкрэсліваюць, што ўсе ўдзельнікі ДТЗ былі прышпіленыя рамянямі бяспекі. Па факце аварыі праводзіцца праверка.