Кіроўцу Mercedes, які дрыфтаваў на плошчы Перамогі, выставілі абвінавачванне
Фота: sk.gov.by
27-гадоваму кіроўцу Mercedes, які дрыфтаваў на плошчы Перамогі ў Мінску, выставілі абвінавачванне. Крымінальную справу распачалі па двух артыкулах — "хуліганства" і "здзек над гісторыка-культурнымі каштоўнасцямі", інфармуе прэс-служба Следчага камітэта.
Здарэнне адбылося 29 лістапада каля 2-й гадзіны ночы. "Загадзя ведаючы аб гістарычнай значнасці і культурнай каштоўнасці помніка", мужчына "дазволіў сабе недапушчальныя паводзіны ў грамадскім месцы". Па версіі следства, ён "наўмысна заехаў на аўтамабілі на тэрыторыю ля манумента Перамогі і мэтанакіравана тройчы ўвёў машыну ў кіраваны занос". З месца здарэння кіроўца спрабаваў з'ехаць, неаднаразова ігнараваў патрабаванні міліцыянераў аб спыненні легкавіка. Судова-медыцынская экспертыза засведчыла, што ў той час зламыснік усведамляў, што ён робіць. Цяпер мужчына знаёміцца з матэрыяламі крымінальнай справы.
Як паведамяла Еўрарадыё, раней кіроўцу аштрафавалі на 630 рублёў, яго на 18 месяцаў пазбавілі вадзіцельскіх правоў. Пасажыр, які здымаў дрыфт на відэа, аштрафаваны на 126 рублёў.