У Віцебску на пажары загінула пенсіянерка (фота)
Фота: mchs.gov.by
Трагічнае здарэнне адбылося на пажары ў шматкватэрным доме на вуліцы Гагарына ў Віцебску.
Як паведамляе прэс-служба Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС, прыкладна а палове восьмай раніцы 21 снежня ратавальнікі атрымалі выклік. На месцы здарэння яны пабачылі, што пажар пачаўся ў кватэры на другім паверсе дзевяціпавярховага дома. У пад'ездзе было моцнае задымленне.
90-гадовая гаспадыня кватэры, інвалід 2-й групы па апорна-рухальным апараце, пражывала адна. Звяно газадымаахоўнай службы знайшло яе труп у пакоі кватэры на падлозе.
З кватэры на трэцім паверсе супрацоўнікі МНС выратавалі з дапамогай масак 60-гадовую жанчыну і 62-гадовага мужчыну. З пятага паверха былі эвакуяваныя яшчэ два чалавекі. Ніхто з іх не пацярпеў.
Агонь пашкодзіў маёмасць у кватэры, ад яго закураныя сцены і столь.
Мяркуецца, што прычынай пажару стала кароткае замыканне начнога свяцільніка.