У мінскім метро хлопец заявіў, што ў заплечніку яго сябра ёсць бомба
Фота: БЕЛТА
У мінскім метро 16-гадовы хлопец заявіў, што ў заплечніку яго 17-гадовага сябра ёсць бомба. Здарэнне адбылося на станцыі "Трактарны завод" яшчэ 10 снежня. Работнікі метрапалітэна выклікалі міліцыю. Заплечнік накрылі лакалізатарам выбуху, быў перакрыты праход для пасажыраў. На месца прыехалі сапёры, але нічога небяспечнага ў заплечніку не было, хлопец проста пажартаваў. У яго адносінах распачалі крымінальную справу за заведама непраўдзівае паведамленне пра небяспеку.
Тыдзень таму на станцыі метро "Пралетарская" 23-гадовы хлопец, студэнт аднаго з прыватных ВНУ сталіцы, паведаміў, што ў яго заплечніку знаходзіцца бомба. Міліцыянерам таксама давялося выкарыстоўваць лакалізатар выбуху. Студэнт таксама пажартаваў, у яго адносінах праводзіцца праверка.
Міліцыя папярэджвае пра адказнасць за падобныя "жарты". Гэта можа быць штраф, арышт ці абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў, альбо пазбаўленне волі — да 7 гадоў, інфармуе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама.