Пакаранне Алімкіна і Паўлаўца можа абмежавацца штрафам
На сёння крымінальныя справы супраць Дзмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца расследуюцца па частцы 1 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу. Гэтая частка прадугледжвае штраф, альбо арышт на тэрмін да шасці месяцаў, альбо абмежаванне свабоды тэрмінам да 5 гадоў ці пазбаўленне свабоды на той жа тэрмін.
Іншая справа, што следчыя могуць змяніць абвінавачанне на больш жорсткае, кажа кіраўнік прэс-службы Следчага камітэта Беларусі Сяргей Кабаковіч.
Кабаковіч: “Следства на дадзены момант разглядае пытанне аб аб’яднанні крымінальных спраў у адну справу ў дачыненні да Паўлаўца і Алімкіна па частцы 3 артыкула 130. З-за таго, што, на думку следства, яны дзейнічалі групай асоб і па адзінай задуме. А частка 3 артыкула 130 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў”.
Нагадаем, Дзмітрыя Алімкіна і Юрыя Паўлаўца, аўтараў шэрагу публікацый на сайтах "Регнум", "Лента.ру", "ЕАДЭЙЛИ", затрымалі па абвінавачванні ў распальванні “расавай, нацыянальнай або рэлігійнай варажнечы".