У Пінску вандалы апаганілі помнік ахвярам нямецкіх акупантаў (фота)
Фота: media-polesye.by
Невядомыя намалявалі свастыку на помніку ахвярам нямецкіх акупантаў у Пінску, піша media-polesye.by. Памятны знак усталяваны на вуліцы Пушкіна, на месцы былога гета.
Паведамляецца, што ў гады Другой сусветнай вайны ў пінскім гета знаходзілася больш за 20 тысяч габрэяў. У 1942 годзе ўсіх іх знішчылі нацысты. На тэрыторыі гета адбываліся таксама расстрэлы цыганоў, партызанаў і падпольшчыкаў.
Дарэчы, на памятным знаку прымацаваная шыльдачка пра тое, што прычыненне яму шкоды караецца паводле закону. Праўда, сама шыльда — у стане, вартым жалю.
Паводле інфармацыі БелаПАН, Пінскі гараддзел унутраных спраў праводзіць праверку па гэтым факце.
Некалькі дзён таму падобны вандалізм адбыўся на помніку габрэям-ахвярам нацызму ў Магілёве. Як паведамляла Еўрарадыё, праваахоўнікі аператыўна затрымалі чатырох навучэнцаў мясцовых каледжаў, якія ўчынілі акт вандалізму.