У Буда-Кашалёўскім раёне мужчына збіў грамадзянскую жонку і падпаліў яе (фота)
Фота: sk.gov.by
Упраўленне Следчага камітэта па Гомельскай вобласці пачало крымінальную справу на жыхара Буда-Кашалёўскага раёна за забойства, учыненае пры абцяжарвальных абставінах.
Здарэнне адбылося 28 лістапада каля 15-й гадзіны. 49-гадовы мужчына прыраўнаваў 47-гадовую грамадзянскую жонку і пасварыўся з ёй. Як паведамляе следства, спярша мужчына збіў жанчыну на падворку свайго дома, потым абліў яе гаручай вадкасцю і падпаліў.
Жанчына памерла на месцы ад атрыманых траўмаў. Паведамляецца, што сам зламыснік падчас здарэння быў нецвярозы.
Праваахоўнікі затрымалі мужчыну. Яны правялі агляд месца здарэння, канфіскавалі і накіравалі на адпаведныя экспертызы рэчавыя доказы. Следчыя дапытваюць сведкаў.
Паведамляецца, што сам мужчына раней не судзімы, цяпер ён нідзе не працуе. Яго грамадзянская жонка раней звярталася да праваахоўнікаў са скаргамі на мужчыну, які прычыніў ёй лёгкія цялесныя пашкоджанні. Аднак крымінальная справа на мужчыну была спыненая ў сувязі з прымірэннем бакоў.