8-класнікаў на ўборку бульбы, дзе загінула дзяўчынка, паслала кіраўніцтва школы
Рашэнне адправіць на ўборку бульбы васьмікласнікаў у Маладзечанскім раёне прыняло кіраўніцтва школы. Пра гэта паведамлялася на працэсе ў Маладзечанскім судзе 29 лістапада.
У судзе разглядаецца справа гібелі васьмікласніцы Вікторыі Папчэні на ўборцы бульбы. Бацькі і адвакаты дамагаюцца, каб здарэнне з васьмікласніцай было прызнанае няшчасным выпадкам на вытворчасці.
На судзе былі агучаныя дакументы, паводле якіх аддзел адукацыі Маладзечанскага райвыканкама рэкамендаваў адправіць на ўборку бульбы 10-класнікаў. Аднак тагачасная выканаўца абавязкаў дырэктара школы Галіна Пішчык прыняла рашэнне адправіць "на бульбу" васьмікласнікаў. У выніку на сельгасработы адправіліся пераважна вучні восьмых класаў, а таксама пяць дзесяцікласнікаў і чатыры адзінаццацікласнікі.