Міліцыя знайшла рабаўніка, які наступаў нагой на твар жанчыне (відэа)

Сталічная міліцыя здолела аператыўна знайсці мужчыну, які жорстка збіў і абрабаваў жанчыну на вуліцы Русіянава ў Мінску.
Як інфармуе прэс-служба ГУУС Мінгарвыканкама, нападніка затрымалі ў населеным пункце Усяж Смалявіцкага раёна. Паведамляецца, што мужчыну 35 гадоў, ён жыхар Смалявічаў.
Здарэнне адбылося напярэдадні ўначы. Як паведамляла Еўрарадыё, мужчына падышоў да жанчыны, якая стаяла каля камеры відэаназірання, і моцна стукнуў яе. Калі жанчына павалілася, нападнік стукнуў яе нагой, а потым наступіў нагой на твар. Таксама ён абрабаваў ахвяру.
Затрымаць яго ўдалося пасля абнародавання гэтага факту і партрэта нападніка ў СМІ. Праваахоўнікам сталі тэлефанаваць людзі, якія паведамлялі інфармацыю.
Выявілася, што мужчына прыехаў у сталіцу ў госці да сяброў. На момант нападу ён быў п'яны і, як кажа сам, не ўсведамляў свае дзеянні. Цяпер мужчына дае паказанні. На яго пачалі крымінальную справу па факце разбою.