У Расіі загінуў беларускі дальнабойшчык
![У Расіі загінуў беларускі дальнабойшчык](http://www.21.by/pub/news/2016/10/1477817919826760.jpg)
У Расіі загінуў беларускі дальнабойшчык Ігар Кнораз, паведамляе пошукава-выратавальны атрад “Анёл” у сваёй групе Вконтакте. Паводле інфармацым валанцёраў, 33-гадовы мінчанін ехаў з Кармы (Гомельская вобласць) у Казахстан на аўтацягніку “Вольва”. 20 кастрычніка мужчына апошні раз выйшаў на сувязь са сваёй жонкай праз вайбер і быў у той момант на мяжы Ліпецкай і Тульскай абласцей.
Раніцай 21 кастрычніка ён спыніўся ў пасёлку Андрэеўка Тамбоўскай вобласці. У той самы дзень у 14.30 у пасёлку Грыцаўскі Тульскай вобласці было зліта паліва. Маршрут ад Андрэеўкі да Грыцаўскага на GPS не зарэгістраваны.
25 кастрычніка ліпецкі інфармацыйна партал gorod48.ru паведаміў, што зніклага беларуса абвясцілі ў вышук у Ліпецку. За некалькі дзён да гэтага ў Чаплыгінскім раёне былі знойдзеныя абгарэлыя парэшткі невядомага мужчыны разам з абгарэлымі аўтамабільнымі шынамі. Пры знешнім аглядзе парэшткаў крыміналісты выявілі шматлікія пераломы рэбраў і сківіцы, атрыманыя пацярпелым пры жыцці.
Расійскія праваахоўнікі мяркуюць, што гэта і быў зніклы беларускі дальнабойшчык. Чакаецца яшчэ генетычная экспертыза, якая павінна канчаткова высветліць прыналежнасць парэшткаў.