МЗС: На расшыфроўцы з Боінга ўкраінскі дыспетчар пагражае баявой авіяцыяй
Фота: wikipedia.org
Украіна пакуль што не адказала на ноту беларускага МЗС наконт інцыдэнту з "Боінгам" кампаніі "Белавія", які адбыўся 21 кастрычніка. Пра гэта прэс-сакратар МЗС Дзмітрый Мірончык паведаміў на брыфінгу 27 кастрычніка.
Дыпламат паведаміў, што Беларусь мае расшыфроўку перамоваў экіпажа беларускага самалёта з украінскім дыспетчарам. "У гэтым дакуменце ёсць выразныя заявы пра пагрозу ўжывання баявой авіяцыі ў выпадку, калі самалёт не развернецца і не прыбудзе ў Кіеў. З гэтай размовы абсалютна выразна зразумела, што дадзеныя словы — не ініцыятыва дыспетчара, а пазначана пэўнае ведамства, якое аддавала адпаведныя каманды", — заявіў Мірончык.
Ён выказаў здзіўленне пазіцыяй украінскіх партнёраў, "у дачыненні да якіх Беларусь заўсёды вытрымлівала добрасуседскую і дружалюбную лінію". Як мяркуе беларускі дыпламат, украінскі бок мог дамагчыся сваіх мэтаў, не звяртаючыся да пагрозаў на адрас экіпажа самалёта, а выкарыстоўваючы двухбаковыя механізмы супрацоўніцтва па лініі сілавых структур.
Калі рэакцыі з украінскага боку не будзе, то Беларусь прыме далейшыя крокі — аж да апублікавання расшыфроўкі перамоваў членаў экіпажа з украінскім дыспетчарам, заявіў прэс-сакратар МЗС.