Супрацоўнік ГЦ “Еўропа”: Нападнік не супраціўляўся затрыманню
Фота: МУС
Адзін з супрацоўнікаў ГЦ “Еўропа” паведаміў TUT.by падрабязнасці затрымання неадэкватнага мужчыны, які напаў на людзей з бензапілой. Суразмоўца карэспандэнта партала распавёў, што выйшаў з прыбіральні, калі заўважыў паніку. Па яго словах, па цэнтры бег чалавек з сякерай і газавым балончыкам. Хлопцы з іншых крамаў замахваліся на яго крэсламі і кідалі сметніцы, спрабуючы спыніць.
“Я заўважыў, што ён па лесвіцы збіраецца бегчы да выхаду, я хутчэй спусціўся па эскалатары і перахапіў яго. Ударыў пару разоў і скруціў. Падбеглі іншыя хлопцы і дапамаглі. Праз пару хвілін з’явіліся супрацоўнікі міліцыі і забралі нападніка”, — распавёў супрацоўнік гандлёвага цэнтра, які назваўся Аляксандрам.
Ён таксама сказаў, што агрэсар быў славянскай знешнасці і не супраціўляўся затрыманню.
У выніку інцыдэнту загінула жанчына, яшчэ некалькі чалавек атрымалі раненні. Па падазрэнні ў забойстве міліцыя затрымала дваіх чалавек.