Сталі вядомыя падрабязнасці ДТЗ каля Гановера, дзе загінуў беларус-дальнабойнік

Фота: ndr.de
Сталі вядомыя падрабязнасці дарожна-транспартнага здарэння каля Гановера, у якім загінуў беларус-дальнабойнік. Як інфармуе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу мясцовай паліцыі, удзень 5 верасня на федэральнай аўтатрасе А2 сутыкнуліся некалькі грузавікоў. Мяркуецца, што 46-гадовы беларус не заўважыў наперадзе затор і наехаў на 7,5-тонную фуру. Пасля адбылося сутыкненне яшчэ з двума грузавікамі. Кабіна фуры, якой кіраваў беларус, была цалкам знішчаная.
Лёгкія раненні атрымалі пяць чалавек, якія былі ў іншых аўтамабілях, у тым ліку і ў легкавіку. Агульная сума страт ад аўтааварыі склала 120 тысяч еўра. На час правядзення следчых дзеянняў і прыборкі месца ДТЗ на трасе ўтварыўся затор даўжынёй 12 кіламетраў. Адзначаецца, што траса А2 вызначаецца павышанай аварыйнасцю.