Пінскія памежнікі абстралялі кантрабандыста мяса, каб спыніць яго (фота)
Фота: gpk.gov.by
Пінскім памежнікам давялося ўжыць зброю, каб спыніць кантрабандыста. Як паведамляе сайт Дзяржаўнага памежнага камітэта, здарэнне адбылося 23 жніўня.
У Столінскім раёне памежнікі Пінскага атрада заўважылі мікрааўтобус, які рухаўся з боку беларуска-ўкраінскай мяжы. Яны паспрабавалі спыніць транспарт, аднак кіроўца, 24-гадовы столінец, прыбавіў хуткасць і паспрабаваў уцячы.
Каб спыніць кіроўцу, памежнікі выкарысталі зброю. Паведамляецца, што пасля паппераджальных стрэлаў у паветра яны пачалі страляць па колах мікрааўтобуса. пыніць транспарт удалося толькі за 600 метраў ад дзяржаўнай мяжы.
У фургоне мікрааўтобуса памежнікі знайшлі буйную партыю мяса — 58 тушаў агульнай вагой каля трох тон. Як мяркуецца, гэта ялавічына. Кіроўца заявіў, што ён не мае ніякага дачынення да тушаў. Маўляў, невядомыя людзі "проста папрасілі яго перавезці груз".
Выявілася, што мяса прывезлі ў Беларусь кантрабандай з Украіны. Столінца аштрафавалі на 945 рублёў за знаходжанне ў памежнай паласе без дазвольных дакументаў. Акрамя таго, яму пагражае штраф за непадпарадкаванне законнаму патрабаванню службовай асобы. За гэта яго могуць аштрафаваць яшчэ на 1050 рублёў.
Таксама Пінскі пагранатрад пачаў разбіральніцтва па факце наўмыснага незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы невядомымі асобамі. Мяса забралі супрацоўнікі Брэсцкай мытні.