Два гады папраўчых работ атрымаў п'яны кіроўца, які ледзь не пераехаў памежніка
Фота: bigmir.net
Два гады папраўчых работ атрымаў п'яны кіроўца, які ледзь не пераехаў памежніка. 21-гадовы жыхар Маларыцкага раёну асуджаны за пагрозу гвалту ў дачыненні да службовай асобы.
Як паведаміў старшы пракурор аддзела пракуратуры Брэсцкай вобласці Генадзь Буры, 24 траўня каля 2-й гадзіны ночы ў Маларыцкім раёне нецвярозы малады чалавек ехаў на аўтамабілі “Аўдзі-100” па тэрыторыі памежнай зоны. Памежнік запатрабаваў, каб кіроўца спыніўся, але замест гэтага мужчына накіраваў машыну на памежніка. Памежнік ледзь паспеў адскочыць убок.
Кіроўца паспрабаваў уцяыч з месца здарэння, аднак яго неўзабаве затрымалі.
Суд Маларыцкага раёну прызначыў мужчыну два гады папраўчых работ з утрыманнем з заробку 25% у даход дзяржавы. Аўтамабіль “Аўдзі-100” як сродак злачынства быў канфіскаваны на карысць дзяржавы.
У судзе мужчына прызнаў сваю віну. Па словах абвінавачанага, ён ведаў, што памежнікі патрулююць тэрыторыю і маюць права правяраць дакументы. Мужчына патлумачыў, што ён не спыніўся, бо быў за рулём у нецвярозым стане, а памежніка хацеў папалохаць.
Раней мужчына, які працаваў рабочым аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў рэгіёну, судзімы не быў. Прысуд яшчэ не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.