Расследуецца гібель жыхаркі Віцебска ў выніку няўдалага скачка з парашутам
Здымак з архіву. Фота: БЕЛТА
Следчы камитэт расследуе крымінальную справу па факце гібелі жыхаркі Віцебска ў выніку няўдалага скачка з парашутам. Пакуль праводзицца папярэдняе расследаванне. Трагедыя адбылася 3 ліпеня. Як інфармуе БелаПАН, скачок арганізаваў муж загінулай, афіцэр. Яму выставілі абвінавачанне па артыкуле "злоўжыванне ўладай, перавышэнне ўлады альбо бяздзейнасць улады" (ч. 3 арт. 455 КК). Афіцэру пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў.
Ад далейшых каментароў па гэтай справе ў Следчым камітэце адмаўляюцца, адзначае БелаПАН.
Вядома, што для скачка выкарыстоўваўся самалёт, які належыць Віцебскаму аэраклубу ДТСААФ. Аднак дамова арэнды была заключана з вайсковай часткай, а не з фізічнай асобай. Загінулая ваеннаслужачай не з'яўлялася, у частцы не працавала. Для скачка выкарыстоўвалася абсталяванне, якое знаходзіцца на балансе вайсковай часткі.
У Міністэрстве абароны ад каментароў адмаўляюцца. Вайсковая частка 97020 з'яўляецца закрытай элітнай, вядомая як армейскі спецназ. Яе байцы прымалі ўдзел у антытэрарыстычных вучэннях разам са спецназам КДБ, МУС і Дзяржпагранкамітэта.
Вядома, што загінулай было 34 гады. У Віцебску сям'ю характарызуюць толькі са станоўчага боку. Муж і жонка выхоўвалі непаўналетняе дзіця.