"Мы такія ж, як вы". "Крумкачы" апублікавалі відэаролік перад пачаткам другога круга чэмпіянату
Перад пачаткам другога круга чэмпіянату Беларусі па футболе-2016 "Крумкачы" апублікавалі настальгічны відэаролік з заклікам падтрымаць іх маладую мінскую каманду.
Аўтарам ідэі ды рэжысёрам выступіў сябра клуба Віталь Карабань. Аператар — Мікалай Радчанка, а музыку ўжо пасля здымак напісаў кампазітар Уладзімір Патапенка. За ўсе гукі ды шумы ў роліку адказваў Ілля Аляксееў.
Віталь Карабань:
— З самага пачатку мне хацелася паказаць гісторыю, блізкую кожнаму чалавеку, таму што любы з нас у дзяцінстве гуляў у футбол. Вядома, успаміны ў кожнага свае, але яны падобныя. Раней дзеці праводзілі ў двары ды на школьных стадыёнах увесь свой час, а потым баяліся позна вяртацца дадому да бацькоў. Бывалі і бойкі, але ўсё гэта частка нашага жыцця. Паглядзіце наш ролік і, можа быць, успомніце, як самі былі "брамнікам-вадзілай", а пасля футбола палілі "кастрык". Дык вось, такія ж хлопцы, як мы з вамі, цяпер гуляюць у "Крумкачах".
У здымках відэа ўзялі ўдзел маленькія футбалісты са школы Patrick. Эпізадычныя ролі выканалі лепшыя гульцы футбольнага клуба "Крумкачы" — Філіп Іваноў, Яўген Шыкаўка ды Вячаслаў Глеб.
У нядзелю "Крумкачы" правядуць сваю першую гульню пасля перапынку ў чэмпіянаце Беларусі супраць бабруйскай "Белшыны". Пачатак а 17-й гадзіне на стадыёне ФК "Мінск", вул. Маякоўскага 127к3. Квіткі можна набыць на сайце smsbilet.by.