У Мінску зніклы салдат унутраных войскаў сам вярнуўся ў частку
Зніклы салдат унутраных войскаў Аляксей Даніленка, які праходзіць тэрміновую службу, сам вярнуўся ў вайсковую частку нумар 3214 у Мінску. 7 чэрвеня ўвечары ён прыбыў на месца службы, паведамляе БЕЛТА.
6 чэрвеня ўнутраныя войскі абвясцілі маладога байца ў вышук. За некалькі дзён да гэтага хлопец прыняў прысягу і паехаў у звальненне на тры дні да бацькоў у Асіповічы. Раніцай 6 чэрвеня салдат пайшоў з дому і пакінуў там сваю вайсковую форму і асабістыя рэчы. Маці заўважыла яго знікненне і занепакоілася. Выйсці на сувязь з сынам яна не змагла. Жанчына распавяла, што хлопцу хацелася служыць у войску, таму яна не верыла ў спробу дызертырства.
Увечары аўторка маладога чалавека ўжо шукалі валанцёры, аднак гісторыя скончылася тым, што ён сам з’явіўся на месцы службы. Прычыны яго знікнення невядомыя.