Гродзенскі пенсіянер забіў жонку малатком і памёр ад інсульту
Фота: newstes.ru
У Гродне Следчы камітэт пачаў крымінальную справу па факце забойства, якое адбылося 28 траўня ў адным з прыватных дамоў горада.
Як паведамляе сайт Следчага камітэта, у той дзень сваякі выявілі 75-гадовага гаспадара дома, які ляжаў на зямлі ў двары. У доме без прыкметаў жыцця знаходзілася яго 63-гадовая жонка. Лекары, якія прыбылі да месца здарэння, канстатавалі смерць жанчыны.
У мужчыны дыягнаставалі кровазліццё мозгу і шпіталізавалі яго ў адну з клінік. Медыкі не здолелі выратаваць пенсіянера, і 31 траўня ён памёр.
На целе памерлай жанчыны следчыя і эксперты выявілі сляды гвалтоўнай смерці. Непадалёк была і меркаваная прылада забойства — малаток. Пры гэтым у доме не было слядоў пабочных асобаў, не знікла і маёмасць.
Па версіі следчых, 28 траўня адбыўся канфлікт паміж мужам і жонкай. Падчас сваркі пенсіянер некалькі разоў стукнуў жонку малатком па галаве, і ад траўмаў жанчына памерла на месцы. Верагодна, пасля гэтага ў мужчыны здарыўся інсульт, які прывёў да яго смерці.
Тым не менш следчыя працягваюць высвятляць усе акалічнасці здарэння.