У Мінску ў прыпаркаваным на ноч аўтамабілі знялі пярэднія дзверы (фота)

Фота: onliner.by
Крадзеж, які адбыўся ў мінскім раёне Шабаны ў мінулую ноч, звычайным ніяк не назавеш. Як піша onliner.by, малады мінчук увечары 18 траўня прыпаркаваў свой Opel Vectra у двары, а зранку пабачыў каля свайго аўто міліцыю.
Высветлілася, што невядомыя зламыснікі знялі абедзве пярэднія дзверы з машыны. "Па мяне, можна сказаць, самі прыйшлі. Патэлефанавалі праваахоўнікі, ўдакладнілі, ці мой гэта Opel. Мой, кажу, а ў чым справа? Аказалася, дзверы знялі", — распавёў уладальнік пацярпелага аўто Дзяніс.
Зранку ў чацвер на месцы здарэння працавала група Следчага камітэта. Следчыя збіралі доказы, здымалі адбіткі пальцаў. Выявілася, што зламыснікі не толькі знялі дзверы, але і выбілі ў салоне лямпачкі падсвятлення.
Гаспадар аўто дзівіцца, што злодзеі не ўзялі з машыны нічога іншага. Па яго словах, там былі грошы, банкаўская картка, правы, пашпарт, дзіцячае крэсла.