Відэа масавай бойкі ў Львове на чэмпіянаце Еўропы па ўсходніх адзінаборствах
Масавая бойка адбылася ў Львове на чэмпіянаце Еўропы па ўсходніх адзінаборствах (кунг-фу і ушу). Канфлікт узнік паміж армянамі і азербайджанцамі з-за сцяга Нагорнага Карабаху, спрэчнай тэрыторыі, які трымаў хтосьці з армян.
Як інфармуе Delfi, у гэты час праходзіў паўфінальны бой, у якім армянскі спартсмен Давід Петрасян перамагаў азербайджанскага. Верагодна, трэнерскі штаб зборнай Азербайджана раззлаваў не толькі сцяг, але і тое, што Петрасян — ураджэнец Нагорнага Карабаху. Армяніна ўдарылі ў спіну, пасля чаго пачалася масавая бойка. У ёй удзельнічалі дзясяткі чалавек. Яны выкарыстоўвалі дубінкі, крэслы, усё, што трапляла пад руку.
Бойка ішла і на рынгу, і ў зале. Ударылі нават старшыню Федэрацыі Еўропы па кунг-фу. Толькі паліцэйскія здолелі навесці парадак. Зборную Азербайджана прызналі ініцыятарам канфлікту і дыскваліфікавалі. Аднак яе галоўны трэнер не выглядаў сумным, ён заявіў, што яны "някепска пабілі" сваіх апанентаў.