У Гродне бізнесмэну вярнулі машыны для картынгу, якiя "памылкова" канфіскавала падатковая
На пачатку сакавіка гарадзенскаму бізнесмэну Яўгену вярнулі 16 аўто для картынгу, якія канфіскавалі ў 2015 годзе. Як высветлілася — з-за памылкі падатковай. Уладальніку пракату картаў ніхто не кампенсаваў шкоду і нават не папрасіў прабачэння. Гарадзенец аднавіў працу і хоча вярнуць старых кліентаў, але кажа, што цяпер развівацца будзе яшчэ складаней.
У снежні 2015 года, не разабраўшыся ў сітуацыі і спасылаючыся на паказанні падатковых інспектараў, Гродзенскі эканамiчны суд прыняў рашэнне аб канфіскацыі картаў. Вярхоўны суд адмяніў рашэнне і загадаў вярнуць тэхніку ўладальніку, распавядае «Твой стыль».
Увесь гэты час пракат не закрываўся.
— Нас не закрывалі, тэхніка была арыштаваная, бо захоўвалася без належных дакументаў - не было адмысловых папер на захоўванне. Але ў Вярхоўным судзе мы даказалі, што гэтых дакументаў у нас наогул не магло быць. Тэхніка ў нас з’явілася ў 2013 годзе, а закон уступіў у сілу з пачатку 2015 года. Закон не мае зваротнай сілы і мяне не маглi пакараць, — распавядае Яўген.
Пакуль бізнесмэн даказваў гэта, ён не атрымліваў прыбытку, але мусіў плаціць арэнду, праз што меў значныя страты.
— Попыт моцна ўпаў і кліентам няправільна паднеслі інфармацыю, — кажа Яўген.
Ён лічыць, што з-за паведамленняў СМІ многія гарадзенцы былі ўпэўненыя, што пракат больш не дзейнічае. Ды прызнаецца, што пасля ўсіх разглядаў у судзе жаданне развівацца амаль знікла.
— Я 8 гадоў патраціў на бізнес, усё ствараў сваімі сіламі і ніхто нам ні ў чым не дапамагаў. Цяпер у мяне ёсць усе дакументы, але іх можна было без разбіральніцтва зрабіць за 15−20 хвілін, а не забіраць тэхніку і перашкаджаць весці бізнес, які ствараўся гадамі. У падатковай сказалі «Вам пашанцавала, радуйцеся, што аддалі».
У суботу, 30 красавіка, Яўген адкрыў новы сезон сярод аматараў картынгу. На пляцоўцы па вуліцы Санаторнай зноў зараўлі маторы картаў, як гэта было апошнія восем гадоў.