Засталіся на Дняпроўскім рубяжы
02.07.2014
—
Разное
Імёны трох чырвонаармейцаў, якія загінулі ў ліпені сорак першага ля вёскі Прыбар Быхаўскага раёна, устанавілі байцы магілёўскага атрада «ВІККРУ» і 52-га асобнага пошукавага батальёна.
Яны паднялі з зямлі астанкі 23 салдат Вялікай Айчыннай і разам з імі — медальёны. Праз некалькі дзён спецыялісты змаглі прачытаць імёны і прозвішчы трох іх гаспадароў. Так стала вядома, што сярод байцоў, якія да апошняга трымалі абарону на Дняпроўскім рубяжы, — радавыя Яфім Ярмаш і Іван Норка з Палтаўскай вобласці, а таксама іх зямляк з Чарнігаўшчыны Мітро Уласенка. Як адзначыў кіраўнік «ВІККРУ» Мікалай Барысенка, да гэтага часу героі Вялікай Айчыннай лічыліся без вестак згінуўшымі.